Пакет рэформаў агучылі ў Менску



У Менску прадстаўнікі буйнейшых дэмакратычных партыяў і арганізацыяў Беларусі агучылі пакет рэформаў, якія неабходна ў бліжэйшы час правесці ў краіне.

Па словах палітыка, дырэктара установы «Еўрапейскі дыялог» Анатоля Лябедзькі, у грамадстве ёсць запыт на перамены. У першыню за 26 год узнікла сітуацыя, якая дае нейкі, хай і невялікі, шанец на перамены. І што рабіць, што рэалізоўваць, калі раптам у Беларусі з’явіцца новы кіраўнік?

– Эканоміка, адукацыя, ахова здароўя. І таму такія напрацоўкі, канешне, будуць да месца. І гэта не толькі мае словы, гэта досвед украінцаў, якія спачатку нічога не мелі. Але потым, калі яны стварылі нешта падобнае, і калі прыйшла партыя Зяленскага да ўлады, яны літаральна амаль за месяц каля 60 такіх напрацовак ператварылі ў законы. А гэта вельмі важна, гэта абнаўленне, гэта развіццё, гэта рух наперад.

Па словах Анатоля Лябедзькі, «Рэанімацыйны пакет рэформаў» будзе прапанаваны ўдзельнікам прэзідэнцкай кампаніі, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў. Таксама палітык выказаў спадзяванне, што гэты пакет рэформаў дазволіць далучыць да іх рэалізацыі прадстаўнікоў тых краінаў, якія ўжо прайшлі падобныя пераўтварэнні. Напрыклад, краіны Балтыі, Польшча, Украіна. Ад іх можна атрымаць рэкамендацыі, якія зробяць гэтыя дакументы больш моцнымі і адначасова ўзважанымі, – кажа Анатоль Лябедзька.

Беларускае Радыё Рацыя