Палова нелегальных цыгарэт у Расеі маюць беларускае паходжанне



Доля нелегальных цыгарэт у Расеі склала 10,7% у першым квартале 2021 года, палова з іх мае беларускае паходжанне, сведчаць вынікі аналітычнага даследавання тытунёвага рынку, праведзенага кампаніяй Kantar TNS.

Згодна са звесткамі даследавання, за мінулы год доля нелегальнага беларускага прадукту ў Расеі вырасла больш як у паўтара разу, а ў прымежных рэгіёнах Беларусь выступае найбуйнейшым пастаўшчыком нелегальных цыгарэт.

Пры захаванні такога ўзроўню нелегальнага рынку шкода расейскаму бюджэту можа скласці прыблізна 100 млрд рублёў у 2021 годзе, лічаць эксперты.

Прадстаўнікі тытунёвага рынку Расеі, каментуючы сітуацыю, таксама гавораць, што асноўным драйверам росту нелегальнага тытунёвага рынку ў Расеі застаецца перацёк прадукцыі з краін — партнёраў па ЕАЭС, у прыватнасці з Беларусі.

„Дысбаланс у акцызах, які асабліва ўзмацняецца ва ўмовах рэзкага павышэння стаўкі ў Расеі на 20% з пачатку гэтага года, па сутнасці, стымулюе незаконны ўвоз. Нягледзячы на прынятыя летась законы, закліканыя перашкаджаць росту нелегальнага рынку, істотнага зруху ў гэтым пытанні няма, а цыгарэты з Беларусі па-ранейшаму складаюць амаль палову нелегальнага тытунёвага рынку Расеі”, — пракаментаваў вынікі даследавання кіраўнік „БАТ Расія” па пытаннях барацьбы з нелегальным гандлем Ігар Чаркаскі.

Варта адзначыць, што ў 2021 годзе фіксуюцца шматлікія спробы нелегальным чынам перавезці беларускія цыгарэты і ў Еўразвяз, што, на думку экспертаў, таксама тлумачыцца сітуацыяй з акцызамі.

Намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко, выступаючы летась у Палаце прадстаўнікоў, адзначыў, што ў Беларусі стаўкі акцызаў складаюць ад 9,4 да 27,3 еўра за тысячу цыгарэт, у Расеі — 33,4 еўра, у Казахстане — 21,7 еўра, у Арменіі — 18,4 еўра за тысячу штук. У Еўразвязе стаўкі акцызаў на тытунёвую прадукцыю значна вышэйшыя — ад 90 да 150 еўра за тысячу штук.

У 2020 годзе ў Беларусі было ратыфікавана пагадненне аб прынцыпах вядзення падатковай палітыкі ў галіне акцызаў на тытунёвую прадукцыю дзяржаў — членаў ЕАЭС. Дакумент прадугледжвае, што паступова стаўкі акцызаў на тытунёвую прадукцыю ў Беларусі будуць павышацца да ўзроўню, які ўсталяваны ў іншых краінах ЕАЭС.

belapan.by

Фота ritmeurasia.org