Пасажырскія перавозкі ў Менску ў студзені—лютым скараціліся на чвэрць



Пасажырскія перавозкі ў Менску ў студзені—лютым 2021 года скараціліся на 25,7% і склалі 100,2 млн чалавек, сведчаць звесткі галоўнага статыстычнага ўпраўлення сталіцы.

У студзені 2021 года пасажырскія перавозкі скараціліся на 25,9% да 49,2 млн чалавек.

За два месяцы 2021 года аўтобусныя перавозкі скараціліся на 25,1% да 39,7 млн чалавек, перавозкі электрычным транспартам і метрапалітэнам — на 25,7% да 60,3 млн.

Перавозкі паветраным транспартам зменшыліся на 70,1% да 0,2 млн чалавек.

Як паведамлялася, у 2020 годзе пасажырскія перавозкі ў Менску скараціліся на 22,2% да ўзроўню 2019 года — да 629,2 млн чалавек.

З-за пандэміі каранавіруса ў Менску значна знізіліся пасажырапаток і выручка транспартнікаў, паведаміў 24 лютага на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак дзяржпрадпрыемства „Сталічны транспарт і сувязь” Аляксандр Капцюх.

„Ад пачатку пандэміі, і асабліва ў траўні—ліпені, калі адбываецца традыцыйнае зніжэнне пасажырапатоку, паўстала праблема з пасажырапатокам. Перавозкі метрапалітэнам знізіліся на 30-33%, наземным транспартам — на 20-27%. Паток супастаўны са стратамі і грошай”, — сказаў Капцюх.

Пры гэтым ён заўважыў, што неабходна яшчэ і выконваць патрабаванні санітарных службаў па сацыяльным дыстанцыяванні. „Яны не дазвалялі скарачаць транспартную працу. Транспартная праца нават вырасла на 1,2%”, — паведаміў начальнік аддзела.

Паводле яго слоў, найбліжэйшым часам прадпрыемства правядзе даследаванне пасажырапатоку, на падставе якога можа быць прынятае рашэнне аб павелічэнні інтэрвалу руху на некаторых маршрутах у сувязі з нізкім запаўненнем салонаў транспарту.

На пытанне, ці будзе значна скарачацца колькасць грамадскага транспарту ў сувязі з павелічэннем колькасці асабістага транспарту, Капцюх адказаў: „Мы не бачым, што адбудзецца нахіл і што грамадскі транспарт рэзка скароціцца на карысць асабістага. Гэта стала памылкай многіх гарадоў, якія пайшлі па гэтым шляху. Яны адчувалі пэўныя складанасці з прапускной здольнасцю. Нахілу пасля пэўнага меркавання, што ў Менску трэба скарачаць грамадскі транспарт, не было”.

belapan.by