Пашыраны спіс сацыяльна значных тавараў з часова рэгулюемымі цэнамі



У Беларусі пашыраны пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю не больш за 90 дзён на працягу аднаго года. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 15 жніўня 2019 года нумар 542, паведамілі карэспандэнту ў прэс-службе ўрада.

 

 

Сярод новых пазіцый – хлеб пшанічны, вырабы булачныя (батон) з пшанічнай мукі, сыр (цвёрды, паўцвёрды), свежыя яблыкі, чорны чай, а таксама свежая агародніна – бульба, буракі, морква, капуста, цыбуля, агуркі, памідоры. Адначасова аблвыканкамы і Мінгарвыканкам больш не змогуць уводзіць часовае рэгуляванне цэн на свежыя бульбу, буракі, моркву, капусту, цыбулю.

Група круп папоўнілася маннымі і прасянымі крупамі. Да групы мяса, якая раней уключала ялавічыну, свініну, мяса курэй і куранят-бройлераў, дабавілі адрубы і буйнакускавыя паўфабрыкаты, каўбасы вараныя, сасіскі, сардэлькі.

З пераліку сацыяльна значных тавараў і паслуг, цэны на якія рэгулююцца аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам, выключаны паслугі па перавозцы пасажыраў унутраным водным транспартам агульнага карыстання ў рэгулярных зносінах.

Пастанова ўступіць у сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

belta.by