Пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь хутка скарачаюцца



Беларусь у жніўні імпартавала найменшы сёлета аб`ём нафтапрадуктаў з Расеі, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.

У першым паўгоддзі Беларусь штомесяц увозіла з Расеі прыблізна 300-400 тыс. тон нафтапрадуктаў, аднак у трэцім квартале сітуацыя кардынальным чынам змянілася.

Так, у жніўні Беларусь імпартавала з Расеі найменшую сёлета колькасць нафтапрадуктаў — 141,9 тыс. тон (супраць 237 тыс. тон у ліпені). Усяго за студзень—жнівень Беларусь атрымала 2,49 млн тон нафтапрадуктаў з Расеі на 974,1 млн долараў.

У фізічным выражэнні за студзень—жнівень Беларусь павялічыла імпарт расейскіх нафтапрадуктаў на 24,9%, у вартасным — на 56,6%.

Расейскія ўлады сёлета выказалі занепакоенасць гэтай дынамікай. Расея падазравала Беларусь у рээкспарце расейскіх нафтапрадуктаў і з-за гэтага ініцыявала абмежаванне іх паставак.

Паводле інфармацыі БелаПАН, якая пацверджаная дакументальна, ужо ў жніўні з ініцыятывы расейскага боку было падрыхтаванае рашэнне аб абмежаванні паставак нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь.

Паводле вынікаў перамоў урадаў дзвюх краін 10 кастрычніка віцэ-прэм`еры Беларусі і Расеі Ігар Ляшэнка і Дзмітрый Казак падпісалі пратакол аб унясенні зменаў у міжурадавае пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. У дакуменце узгодненыя індыкатыўныя балансы і пратаколы па нафтапрадуктах на лістапад—снежань 2018 года і на ўвесь 2019 год.

Міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак паведаміў на мінулым тыдні журналістам, што індыкатыўныя балансы прадугледжваюць нулявыя пастаўкі ў Беларусь аўтабензіну, дызельнага паліва і мазуту расейскай вытворчасці.

Пратакол, падпісаны на мінулым тыдні віцэ-прэм`ерамі дзвюх краін, прадугледжвае, што Беларусь з лістапада гэтага года з Расеі зможа імпартаваць толькі нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.