Паўторная місія МАГАТЭ па эксплуатацыйнай бяспецы наведае БелАЭС 25-29 кастрычніка



Паўторная місія МАГАТЭ па эксплуатацыйнай бяспецы (Pre-OSART) наведае БелАЭС з 25 па 29 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.

Візіт экспертаў на станцыю пройдзе ў рамках праекта тэхнічнага супрацоўніцтва „Павышэнне эксплуатацыйнай бяспекі Беларускай АЭС у перыяд уводу ў эксплуатацыю і эксплуатацыі”.

У склад місіі ўвойдуць эксперты з Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Расеі, Арменіі, Украіны. Яны ацэняць ход выканання рэкамендацый і прапаноў, выпрацаваных у 2019 годзе ў працэсе разгляду пытанняў эксплуатацыйнай бяспекі першага энергаблока БелАЭС.

Місія МАГАТЭ Pre-OSART (Operational Safety Review Team) – місія групы аналізу эксплуатацыйнай бяспекі. У адпаведнасці з рэгламентам МАГАТЭ, яна праводзіцца для АЭС, якія будуюцца і ўводзяцца ў эксплуатацыю, да загрузкі ядзернага паліва.