Паводле вынікаў студзеня-жніўня рэспубліканскі бюджэт выкананы з дэфіцытам у 1,5 млрд рублёў



Паводле вынікаў студзеня—жніўня 2020 года рэспубліканскі бюджэт выкананы з дэфіцытам у 1,5 млрд рублёў.

Згодна са звесткамі Міністэрства фінансаў, даходы рэспубліканскага бюджэту ў гэты перыяд склалі 14,5 млрд рублёў, або 57,2% удакладненага гадавога плана. Паступленне ПДВ склала 8,4 млрд рублёў, або 68,2%. Падатку на прыбытак паступіла 1,5 млрд рублёў, або 36,5%, акцызаў — 2,0 млрд рублёў, або 63,1%. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 2,3 млрд рублёў, або 47,8%.

На 1 верасня запазычанасць на падатках і зборах склала 147,9 млн рублёў.

Выдаткі рэспубліканскага бюджэту склалі 16,0 млрд рублёў, або 58,2% удакладненага гадавога плана. На агульнадзяржаўную дзейнасць накіравана 7,7 млрд рублёў (58,7%), на фінансаванне нацыянальнай эканомікі — 3,5 млрд рублёў (60,8%), на фінансаванне сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) — 11,4 млрд рублёў (62,4%).

Паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 11,4 млрд рублёў, або 66,1% зацверджанага гадавога плана. Расходы склалі 11,2 млрд рублёў, або 65,3%. Такім чынам, прафіцыт бюджэту ФСАН склаў 0,2 млрд рублёў.

Улетку гэтага года дэфіцыт бюджэту павялічыўся на 1,3 млрд рублёў з-за капіталізацыі Агенцтва па кіраванні актывамі, паведаміла часопісу „Финансы, учет, аудит”, які выдаецца Мінфінам, начальнік галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі міністэрства Алена Печань (24 верасня яна прызначаная намеснікам міністра фінансаў).

Агенцтва па кіраванні актывамі было створанае летам 2016 года. Мінфін раней растлумачыў, што агенцтва будзе займацца аздараўленнем праблемных прадпрыемстваў.

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў 25 жніўня паводле вынікаў дакладу Аляксандру Лукашэнку прагназаваў, што недабор даходаў бюджэту за год складзе не менш за 3 млрд рублёў. „Недабор даходаў у цэлым па рэспубліканскім бюджэце чакаецца прыблізна 3—4 млрд рублёў. Што да мясцовых бюджэтаў, яны выконваюцца стабільна. Калі параўноўваць з мінулым годам, за сем месяцаў працэнт паступлення даходаў такі ж. Гэта нядрэнна, таму што асноўныя сацыяльныя абавязацельствы (выплата зарплаты, утрыманне сацыяльных устаноў) фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў. Сітуацыя нам цалкам зразумелая і кіраваная”, — сказаў Селіверстаў у эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.

„Пэўны недабор даходаў у рэспубліканскім бюджэце стварае некаторыя цяжкасці ў фінансаванні расходаў. Гэта досыць вялікія цяжкасці з пункта гледжання папярэдніх гадоў. Але з улікам таго, што ў нас ёсць пэўны аб’ём рэшткаў, які мы сфармавалі ў папярэднія гады, усе сацыяльныя абавязацельствы мы выканаем. Што да заработнай платы, падтрымкі Фонду сацыяльнай абароны па пенсіях, тут усё будзе рэалізаванае. Усе абавязацельствы перад людзьмі па заработнай плаце і іншыя будуць безумоўна выкананыя”, — падкрэсліў кіраўнік Мінфіна.

Варта адзначыць, што закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2020 год прадугледжвае яго дэфіцыт амаль у 1 млрд рублёў. Улады закладвалі такі дэфіцыт з-за выпадзення нафтавых даходаў, выкліканага расійскім падатковым манеўрам, і росту расходаў у сувязі з планамі па павелічэнні зарплат у бюджэтнай сферы.

belapan.by