Перад „Нафтанам” пастаўлена задача – забяспечыць бясстратную працу



Перад наваполацкім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам „Нафтан” на 2017 год пастаўлена задача забяспечыць бясстратную працу. Такую задачу давёў да прадпрыемства канцэрн „Белнафтахім”. Інфармацыя пра гэта размешчана ў справаздачы „Нафтана” за 2016 год.

„У 2016 годзе ААТ „Нафтан” працавала ў складаных знешніх умовах, якія пагаршаліся, як глабальнага, так і рэгіянальнага характару: працягнулася падзенне сусветных цэн на нафту і нафтапрадукты, як следства, адбылося аслабленне курсу расійскага і беларускага рублёў, далейшае запаволенне сусветнай эканомікі, зніжэнне інвестыцыйнага попыту; узмацненне спаду эканомікі ў Расеі, ва Украіне”, — гаворыцца ў справаздачы кампаніі.

Паводле дадзеных НПЗ, сусветная кан’юнктура на рынку нафты і нафтапрадуктаў, якая склалася ў 2016 годзе, прадвызначыла зніжэнне вартасных аб’ёмаў экспарту прадукцыі.

Пры гэтым у справаздачы кампаніі гаворыцца, што пасля санкцый, уведзеных украінскім бокам супраць Расеі па пастаўцы нафтапрадуктаў, а таксама з-за скарачэння паставак расейскай нафты ў другой палове 2016-га „Нафтан” „значна нарасціў аб’ёмы пастаўкі аўтабензінаў і дызпаліва ў кірунку Украіны”.

На 2017 год, як адзначаецца ў справаздачы, канцэрн „Белнафтахім” давёў да „Нафтана” некалькі паказчыкаў эфектыўнасці і паставіў задачу павялічыць экспарт паслуг на 8,5%, забяспечыць рэнтабельнасць продажу на ўзроўні 1%.

У 2016 годзе, паводле матэрыялаў завода, „Нафтан” атрымаў чысты прыбытак у памеры 6,63 млн рублёў, аднак адмоўны ўплыў на прыбытковасць кампаніі аказаў вынік ад пераацэнкі доўгатэрміновых актываў. Як следства, сумарны прыбытак завода ў 2016 годзе склаў 730 тыс. рублёў.

Як паведамлялася раней, у лютым 2017 года па рашэнні канцэрна „Белнафтахім” гендырэктар „Нафтана” Уладзімір Траццякоў быў адпраўлены ў адстаўку за зацягванне тэрмінаў мадэрнізацыі завода, якая павінна дазволіць прадпрыемству працаваць прыбыткова нават у выпадку павелічэння ўваходных цэн на нафту.

Новы генеральны дырэктар нафтаперапрацоўчага завода „Нафтан” Аляксандр Дзямідаў лічыць, што прадпрыемства ў перспектыве павінна быць гатова працаваць ва ўмовах рыначных цэн на нафту. Пра гэта ён заявіў падчас красавіцкай сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства, паведамляе карпаратыўная газета „Вестник „Нафтана”.

Для вырашэння гэтай задачы, лічыць новы гендырэктар прадпрыемства, у першую чаргу ў самыя кароткія тэрміны трэба будзе завяршыць праекты мадэрнізацыі „Нафтана” і павялічыць глыбіню перапрацоўкі сыравіны да 90%. На думку Дзямідава, гэта дазволіць зняць многія праблемныя пытанні, і ў прыватнасці пачаць разлічвацца па крэдытах, узятых на мадэрнізацыю.

У сувязі з гэтым Дзямідаў падкрэсліў, што задача па завяршэнні ў жорсткія тэрміны будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю аб’ектаў комплексу запаволенага каксавання, якія дазволяць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты, выканальная пры ўмове максімальнай мабілізацыі ўсіх сіл.

belapan.by