Персанал БелАЭС плануюць папоўніць 120 маладымі спецыялістамі



Патрэба ў маладых спецыялістах на Беларускай АЭС расце з кожным годам, заявіў намеснік начальніка навучальна-трэніровачнага цэнтра (НТЦ) БелАЭС Аляксандр Ерын, выступаючы 27 верасня на мерапрыемстве „Дзень атамных тэхналогій” у БДУ.

Адукацыйны праект „Дзень атамных тэхналогій” БДУ арганізаваў разам з расіейскай дзяржкарпарацыяй „Расатам” пры садзейнічанні Міністэрства энергетыкі Беларусі і Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі. Стрыжнем праекта стаў цыкл лекцый беларускіх і расейскіх вучоных і выкладчыкаў для студэнтаў сталічных ВНУ, якія займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў у атамнай галіне.

Паводле слоў Ерына, яшчэ задоўга да заканчэння будаўніцтва двух энергаблокаў дырэкцыя АЭС пачала падбіраць персанал, які пасля будзе эксплуатаваць гэты ядзерна-энергетычны аб’ект. Сёння ў штаце больш за 1,8 тыс. чалавек, з іх прыблізна 200 — маладыя спецыялісты.

„З кожным годам патрэба ў маладых спецыялістах расце: калі ў 2012 годзе было ўладкавана на працу восем маладых спецыялістаў, то сёлета мы ўладкавалі 73 чалавекі. Мы плануем, што у 2018 годзе да нас прыйдзе прыкладна 120 маладых спецыялістаў з розных ВНУ — БДУ, Інстытута імя Сахарава, БНТУ”, — паведаміў намеснік начальніка НТЦ БелАЭС.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць), непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы, за кошт крэдыту Расеі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.

belapan.com