Першы экспартны поезд беларускіх тавараў адправіцца ў Кітай 11 лютага



Першы экспартны поезд з беларускімі таварамі лагістычнага аператара „Брэміна груп” адправіцца па маршруце Орша – Наньчан (правінцыя Цзянсу, КНР) 11 лютага. Аб гэтым паведаміў 6 лютага на адкрыцці аўтамабільнага лагістычнага тэрмінала мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу „Брэміна-Орша” ў пасёлку Балбасава старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў „Брэміна-груп” Аляксандр Зайцаў.

Паводле слоў Аляксандра Зайцава, гэта першы экспартны поезд, які рыхтуецца да адпраўкі „Брэміна груп” у партнёрстве з кітайскай кампаніяй Cosco Shipping. У Кітай адправіцца 41 кантэйнер, цяпер ідзе іх фарміраванне. Час у дарозе складзе 10 сутак, а вось дастаўка марскім шляхам заняла б больш за 40 дзён. У далейшым беларускі лагістычны аператар мае намер нарошчваць аб’ёмы адправак кантэйнерных грузаў з Оршы, арганізаваўшы маршрут з рэгулярнасцю адзін раз у месяц.

Орша прымае фірменны кантэйнерны поезд „Брэміна груп” з Кітая рэгулярна з траўня 2018 года. Цяпер гэта два разы ў тыдзень. „Мы не спыняемся на дасягнутым і гатовы сумесна з партнёрамі развіваць гэты маршрут”, – падкрэсліў Аляксандр Зайцаў.

Ён адзначыў, што за апошнія гады створана добрая аснова для развіцця кантэйнерных перавозак праз Оршу і яе інтэграцыі ў маршруты Шаўковага шляху. „У нашых планах стварэнне сучаснага чыгуначнага тэрмінала на тэрыторыі „Брэміна-Орша”, на якім будзе ажыццяўляцца ўвесь спектр аперацый з кантэйнернымі грузамі”, – дадаў Аляксандр Зайцаў.

belta.by