Першы грамадскі форум Беларусі і Літвы пройдзе 26-27 кастрычніка ў Клайпедзе



Першы грамадскі форум Беларусі і Літвы „Што нас аб’ядноўвае?” пройдзе 26-27 кастрычніка ў Клайпедзе.

 

Арганізатарамі форуму выступаюць муніцыпалітэт Клайпеды, Клайпедскі ўніверсітэт, а таксама шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, у тым ліку Форум дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройца, Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, Інстытут „Палітычная сфера”.

„Літва і Беларусь — гэта не толькі краіны-суседзі, — адзначаецца ў паведамленні аргкамітэта форуму. — Народы гэтых дзяржаў акрамя гісторыі, якая ідзе сваімі каранямі ў старажытныя часы, аб’ядноўваюць шырокамаштабныя эканамічныя і культурныя сувязі. Літоўцы жывуць у Беларусі, беларусы пражываюць у Літве. Асаблівую сувязь паміж краінамі пацвярджаюць агульныя народныя сімвалы, такія як гістарычная сталіца Вялікага Княства Літоўскага — Вільня”.

Большасць літоўцаў, гаворыцца ў паведамленні, „крытычна ставяцца да палітычнага ладу Беларусі”. У Беларусі, у сваю чаргу, многія „насцярожана ўспрымаюць еўраатлантычную інтэграцыю Літвы, яе актыўную знешнепалітычную пазіцыю ў рэгіёне”.

„На жаль, існуючыя праблемы сталі дамінаваць у двухбаковых адносінах. Шмат недамоўленасцей узнікае па гістарычных тэмах, якія, на першы погляд, павінны аб’ядноўваць нацыі. Усё гэта не толькі ўскладняе палітычныя адносіны, але і перашкаджае развіццю сувязі паміж інтэлектуаламі, дзеячамі культуры, бізнесу і навукі. Так не павінна быць. Не забываючы існуючых праблем, мы павінны імкнуцца шукаць агульныя падыходы ў пытаннях і праблемах, якія аб’ядноўваюць нас”, — лічаць арганізатары форуму.

Мэтай мерапрыемства называецца пашырэнне нефармальнага, грамадзянскага дыялогу паміж Беларуссю і Літвой для абмеркавання перспектыў і праблем міждзяржаўнага супрацоўніцтва, паглыбленне ўзаемаразумення і павагі паміж краінамі і народамі.

belapan.by