„Перспектыва”: Да 2020 года малы бізнес у Беларусі можа знікнуць (абноўлена)



На форуме прадпрымальнікаў абмеркавалі шляхі і механізмы развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі. Форум быў арганізаваны грамадскім аб’яднаннем “Перспектыва”, які змагаецца за спрашчэнне дзейнасці для найперш індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх дзяржава паставіла на мяжу выжывання.

Форум прадпрымальнікаў з’яўляецца той пляцоўкай, дзе прадпрымальнікі і прадстаўнікі ўлады могуць пачуць адзін аднога, – кажа старшыня “Перспектывы” Анатоль Шумчанка.

– Мы ўжо накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта нашыя прапановы па новаму праекту дэкрэта па развіцці прадпрымальніцкай дзейнасці. Людзі гэта падтрымалі. Мы затым паглядзім, на колькі нашыя прапановы будуць улічаны пра распрацоўцы і прыняцці новага дакумента, які Лукашэнка ахарактарызаваў як рэвалюцыйнае рашэнне для бізнеса.

Са словаў Анатоля Шумчанкі, на жаль, ва ўладаў словы разыходзіцца са справай, і дзяржава не навучылася дзейнічаць стратэгічна і мысліць катэгорыямі забраць “тут і цяпер”. Між тым калі прадпрымальнікам стварыць адпаведныя ўмовы і даць час, то ў выйгрышы акажуцца і прадпрымальнікі, і сама дзяржава.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

***

Пры захаванні цяперашніх умоў прадпрымальніцкай дзейнасці малы бізнес у Беларусі да 2020 года можа проста знікнуць як эканамічнае з’ява, заявіў на форуме прадпрымальнікаў 22 траўня ў Менску старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

Ён адзначыў, што ў прадпрымальніцкім асяроддзі застаюцца нявырашанымі праблемы, звязаныя з высокімі арэнднымі стаўкамі, сістэмай выплаты падаткаў і узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), сертыфікацыяй тавараў у адпаведнасці з тэхнічнымі рэгламентамі Еўразійскага эканамічнага саюза, праверкамі дзейнасці з боку дзяржорганаў і неабгрунтаванымі санкцыямі за парушэнні, фармальнай роляй прадпрымальніцкіх саветаў на гандлёвых аб’ектах і інш.

Шумчанка нагадаў, што „Перспектыва” раней унесла шэраг прапаноў, якія дазволілі б палепшыць умовы для вядзення бізнесу. У прыватнасці было прапанаванае ўкараніць патэнтную падатковую сістэму для ІП, якія займаюцца рознічным гандлем, гэта значыць дазволіць ім плаціць фіксаваны збор у якасці альтэрнатыўнай формы падаткаабкладання. Прапаноўвалася таксама пазбавіць ІП ад абавязку рабіць узносы ў ФСАН за той перыяд, калі яны не працавалі.

Акрамя гэтага, „Перспектыва” прапаноўвала адмяніць для ІП, занятых у рознічным гандлі нехарчовымі таварамі, неабходнасць пацвярджаць адпаведнасць прадукцыі патрабаванням тэхнічных рэгламентаў, пераклаўшы гэты абавязак на юрыдычных асоб або ІП, якія вырабляюць гэтыя тавары ці з’яўляюцца іх першымі імпарцёрамі на тэрыторыю ЕАЭС.

Профільным органам, на думку кіраўніцтва прадпрымальніцкага аб’яднання, трэба забараніць канфіскоўваць у ІП тавары, а таксама праводзіць праверкі пад выглядам маніторынгу. Трэба таксама ўвесці мараторый на ўсе віды праверак суб’ектаў малога бізнесу на пяць гадоў, перагледзець памеры штрафаў і санкцый за парушэнне ўмоў прадпрымальніцкай дзейнасці, караць ІП за парушэнні эканамічнага характару толькі адміністрацыйнымі метадамі, выключыўшы крымінальную адказнасць.

„Калі нічога не зменіцца, то нашаму прадпрымальніцкаму жыццю засталося максімум тры гады, мы ўжо даходзім. Усё гэта будзе суправаджацца адтокам актыўных прадпрымальнікаў, усталяваннем манаполіі буйнога бізнесу, спусташэннем звёнаў ланцуга, якія сёння звязваюць ІП з іншымі суб’ектамі гаспадарання”, — падкрэсліў Шумчанка.

Арганізаваны „Перспектывай” форум прадпрымальнікаў наведала больш за 140 чалавек з Беразіно, Берасця, Быхава, Віцебска, Гомеля, Гародні, Магілёва, Мазыра, Маладэчна, Менска, Наваполацка, Полацка, Рэчыцы і Століна. Ад уладаў на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Дзяржкамітэта па стандартызацыі, Міністэрства эканомікі і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Савета міністраў, Нацыянальнага банка, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Міністэрства фінансаў і Міністэрства па падатках і зборах запрашэнне наведаць форум праігнаравалі.

belapan.by