„Перспектыва” мае намер дамагацца сустрэчы з Лукашэнкам



Грамадскае аб’яднанне „Перспектыва”, якое прадстаўляе інтарэсы занятых у гандлі індывідуальных прадпрымальнікаў, рыхтуе зварот да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай арганізаваць сустрэчу.

Як паведаміў БелаПАН старшыня „Перспектывы” Анатоль Шумчанка, да 25 верасня ідзе збор прапаноў па тэксце звароту да прэзідэнта. Прыняць канчатковы варыянт плануецца на чарговым форуме прадпрымальнікаў 1 кастрычніка, пасля чаго пачнецца збор подпісаў пад зваротам.

На думку чальцоў аб’яднання, папярэднія сустрэчы кіраўніка дзяржавы з ІП (апошняя такая сустрэча адбылася ў сакавіку 2015 года) не мелі ніякага практычнага выніку і „засталіся чыстай вады папулізмам” для чыноўнікаў. „У прыватнасці, ніякіх нармальных умоў для працы ІП не было створана, больш за тое, у сітуацыі, якая склалася на рынку, існаваць ім засталося нядоўга. Ніякіх цэнтралізаваных паставак тавараў самалётамі і цягнікамі не арганізавана, як і дробнааптовых рынкаў, на якіх яны б рэалізоўваліся індывідуальным прадпрымальнікам з патрэбным пакетам дакументаў”, — гаворыцца ў праекце звароту.

На думку яго аўтараў, шматгадовай і невырашальнай праблемай рознічнага гандлёвага індывідуальнага прадпрымальніцтва з’яўляецца немагчымасць падавання поўнага пакета дакладных дакументаў на імпартаваныя і рэалізаваныя тавары. „Нашы кантралюючыя органы з вядомай стараннасцю выконваюць сваю працу па выяўленні названай паўнаты і дакладнасці дакументаў. Але ўся справа не ў тым, што не ад нежадання выканання норм заканадаўства або жадання набыцця якіх-небудзь выгад у прадпрымальнікаў адсутнічаюць усе законныя дакументы. Праблема ляжыць у іншай плоскасці і, можна сказаць, носіць міждзяржаўны характар. У Расейскай Федэрацыі, дзе робяцца закупкі тавараў, цалкам адсутнічае кантроль легальнасці дакументаў, дакументаабароту, касавай дысцыпліны”, — падкрэсліваецца ў тэксце.

„Разам з тым не спыняецца наплыў гандляроў з Сярэдняй Азіі, якія пастаянна перамяшчаюцца па ўсёй краіне і без усялякіх дакументаў гандлююць у дамах культуры і на пастаяннай аснове на рынках — Дзяржстандарт, а таксама іншыя ведамствы ў курсе сітуацыі. У наяўнасці падвойныя стандарты — нашы прадпрымальнікі павінны выконваць заканадаўства, замежныя — не абавязкова”, — лічаць ІП.

У сувязі з гэтым „Перспектыва” мае намер прапанаваць Лукашэнку абмеркаваць увядзенне мараторыя на падаванне поўнага пакета абавязковых дакументаў да навядзення парадку ў дакументаабароце ў Расеі, увесці амністыю на ўвезеныя да цяперашняга часу тавары ў частцы падавання дакументаў.

Аб’яднанне таксама прапануе вызначыць сектар рознічнага гандлёвага індывідуальнага прадпрымальніцтва як асобны інстытут „для забеспячэння роўных умоў бізнесу з буйнымі гандлёвымі арганізацыямі з забеспячэннем максімальна спрошчаных умоваў вядзення бізнесу”.

Шумчанка звярнуў увагу на тое, што ініцыятыва арганізаваць сустрэчу з прэзідэнтам зыходзіць ад прадпрымальнікаў з рэгіёнаў. „Чыноўнікі не хочуць дакладваць аб рэальнай сітуацыі. Мы паспрабавалі коратка апісаць, хто вінаваты ў сітуацыі, якая склалася і чаму гэта ўсё адбываецца”, — сказаў ён.

На маючым адбыцца форуме прадпрымальнікаў плануецца таксама абмеркаваць пытанні, звязаныя з выдачай у Расеі анлайн-чэкаў і магчымымі наступствамі пры іх адсутнасці.

БелаПАН