Пілотаў грамадзянскай авіяцыі ў Беларусі пачнуць рыхтаваць у 2021 годзе



Пілотаў грамадзянскай авіяцыі ў Беларусі плануюць пачаць рыхтаваць у 2021 годзе. Пра гэта паведаміў дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі 29 кастрычніка на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня работнікаў грамадзянскай авіяцыі (1 лістапада).

Раней у Беларусі пілотаў камерцыйнай авіяцыі не рыхтавалі — яны праходзілі падрыхтоўку ў Расіі, ва Украіне, ў краінах Балтыі.

„Мы цяпер фактычна пачалі працу па адкрыцці лётных спецыяльнасцяў. Першых курсантаў разлічваем набраць у 2021 годзе. Ужо распрацаваны патрабаванні да ўступных іспытаў, фізічнага і псіхалагічнага адбору, медыцынскага агляду тых, хто паступае. Дэпартамент распрацаваў авіяцыйныя правілы па падрыхтоўцы лётнага складу. Цяпер ідзе выбар паветраных суднаў і трэнажораў”, — распавёў Сікорскі.

Таксама, паводле яго слоў, рыхтуецца праектная дакументацыя для будаўніцтва трэнажорнага цэнтра на тэрыторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Як адзначыў кіраўнік дэпартамента па авіяцыі, цяпер попыт на авіяцыйных спецыялістаў як у Беларусі, так і за мяжой досыць вялікі.

„Таму мы цяпер вельмі сур’ёзную ўвагу надаем таксама падрыхтоўцы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі інжынерна-тэхнічнага і дыспетчарскага персаналу для таго, каб гэтая падрыхтоўка ажыццяўлялася ў адпаведнасці з усімі еўрапейскімі стандартамі. У грамадзянскай авіяцыі цяпер прафесіяналізм з’яўляецца мерай канкурэнтаздольнасці”, — сказаў Сікорскі.

БелаПАН

Фота:belta.by