Плануецца падрыхтаваць абгрунтаванне будаўніцтва другой АЭС
За 2021 год плануецца падрыхтаваць абгрунтаванне будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 21 снежня міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.
Журналісты нагадалі кіраўніку Мінэнерга аб тым, што не так даўно Аляксандр Лукашэнка заяўляў аб планах па будаўніцтве другой АЭС у Беларусі, і спыталі, ці вядуцца работы па ацэнцы гэтага праекта.
„Так, гэта праца вядзецца, задзейнічаныя адпаведныя органы дзяржкіравання, — адказаў Каранкевіч. — Цяпер праводзіцца пошукавая праца для таго, каб падрыхтаваць адпаведныя матэрыялы і абгрунтаванні. Потым яны будуць падрыхтаваныя і ўнесеныя на разгляд. Мы плануем усю гэту працу правесці не пазней чым за 2021 год, на працягу 2021 года”.
Падчас адкрыцця трэцяй веткі Менскага метрапалітэна 6 лістапада, за дзень да афіцыйнага адкрыцця Беларускай АЭС, Лукашэнка выказаў меркаванне, што ў краіне неабходна пабудаваць яшчэ адну атамную электрастанцыю: „Электраэнергіі будзе дастаткова. Нашы пратэстуны плачуць, што няма куды яе падзець. Слухайце, як няма куды падзець электраэнергію? Нам яшчэ трэба адну такую станцыю пабудаваць, каб сысці ад залежнасці па вуглевадародах. Гэта шчасце, падарунак”.
8 лістапада генеральны дырэктар „Расатама” Аляксей Ліхачоў у інтэрв’ю тэлеканалу СТВ заявіў, што карпарацыя гатовая ўдзельнічаць у будаўніцтве другой АЭС у Беларусі. Паводле яго слоў, калі такое рашэнне будзе прынятае, тэрміны будаўніцтва гэтага аб’екта будуць скарочаныя, а кошт — аптымізаваны.
У відэазвароце, апублікаваным 10 лістапада на сайце „Расатама”, Ліхачоў паведаміў, што дзяржкарпарацыя абмяркоўвае з кіраўніцтвам Беларусі будаўніцтва яшчэ адной АЭС.
„Зусім нядаўна, 3 лістапада, быў падключаны да энергасістэмы і беларускі блок. Ён стаў першым блокам пакалення „тры плюс”, пабудаваным на еўрапейскім кантыненце, за межамі Расеі, — сказаў ён. — Энергапуск беларускага блока ператварыўся ў падзею нацыянальнага маштабу, гэта сумесная перамога расейскіх і беларускіх спецыялістаў, якая спрыяе аб’яднанню людзей. Цяпер з кіраўніцтвам рэспублікі абмяркоўваем магчымае будаўніцтва яшчэ адной станцыі і даследчага рэактара”.
Першая ў краіне атамная станцыя — Беларуская АЭС — узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”. У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без указання канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.
