Плануецца візіт дэлегацыі беларускіх дзелавых колаў у Люксембург



Дэлегацыя беларускіх дзелавых колаў можа наведаць Люксембург. Дамоўленасць аб арганізацыі найбліжэйшым часам такога візіту была дасягнутая 18 студзеня падчас паездкі пасла Беларусі ў Бельгіі Аляксандра Міхневіча ў Вялікае Герцагства Люксембург.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, Міхневіч сустрэўся з генеральным дырэктарам Гандлёвай палаты Люксембурга Карла Тэленам, генеральным сакратаром Асацыяцыі банкіраў Люксембурга Анмары Жанг, прадстаўнікамі фінансавых і дзелавых колаў.

„Падчас сустрэч вызначаныя перспектыўныя кірункі двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама дасягнутыя дамоўленасці аб арганізацыі непасрэднага ўзаемадзеяння гандлёвых палат дзвюх краін”, — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Згодна з інфармацыяй знешнепалітычнага ведамства, кіраўнікі люксембургскіх бізнес-аб’яднанняў выказалі гатоўнасць садзейнічаць ва ўсталяванні прамых кантактаў паміж фінансавымі структурамі Беларусі і Люксембурга, вытворчымі прадпрыемствамі дзвюх краін.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Люксембургам былі ўсталяваныя 9 ліпеня 1992 года. Аб’ём двухбаковага тавараабароту паводле вынікаў 2015 года склаў 6,7 млн долараў.

БелаПАН