Польскі інвестар гатовы прадаць беларускі „Ідэя Банк”



Здзелка па куплі „МТБанкам” у польскага інвестара Getin Holding беларускага „Ідэя Банка” можа быць закрытая да 1 сакавіка, гаворыцца ў паведамленні, якое распаўсюдзіла польская кампанія.

Раней бакі планавалі заключыць здзелку пасля яе ўхвалы Нацыянальным банкам Беларусі да 4 студзеня 2021 года. Аднак толькі ў студзені гэтага года беларускі цэнтральны банк узгадніў здзелку, і зараз бакі маюць намер заключыць яе да 1 сакавіка.

„Згодна з падпісаным дадаткам да ліста аб намерах бакі наважаныя заключыць дамову аб продажы акцый „Ідэя Банка” да 1 сакавіка 2021 года”, — паведамляе польскі Getin Holding.

Фінансавы холдынг Getin Holding S.A. (Польшча) купіў 75% акцый беларускага „Самбелбанка” ў 2008 годзе. У 2013 годзе „Самбелбанк” быў перайменаваны ў „Ідэя Банк” (Idea Bank). На той момант пад гэтым брэндам банкі групы Getin Holding працавалі ў Польшчы і ва Украіне.

У 2014 годзе Рафал Юшчак, які займаў пасаду намесніка старшыні праўлення Getin Holding, заявіў: „Мы вельмі верым у Беларусь”. „Для нас гэта вельмі цікавая краіна, асабліва сёння, калі мы бачым, што адбываецца ў Расеі і ва Украіне. У Беларусі мы працуем не першы год і глядзім на гэтую краіну не як кароткатэрміновы інвестар, а як „доўгі” інвестар”, — адзначыў Ющак.

На сёння холдынгу Getin належыць амаль 100% беларускага „Ідэя Банка”, паведамляецца на сайце крэдытнай арганізацыі. У лістападзе 2020 года Getin Holding падпісаў з „МТБанкам” ліст аб намерах прадаць банку або звязаным з ім асобам пакет акцый „Ідэя Банка”. Згодна з дакументам, гаворка ішла пра намер прадаць 99,999% акцый за 50 млн рублёў.

belapan.by