Прадпрыемствы просяць абараніць іх ад спажывецкага экстрэмізму



Беларускія прадпрыемствы выступілі з ініцыятывай узмацніць прававую абарону суб’ектаў гаспадарання ад так званага спажывецкага экстрэмізму.

„Цяперашняе прававое поле цалкам на баку пакупнікоў, і грамадзяне часам злоўжываюць гэтым, што прыводзіць да росту выдаткаў вытворцаў і прадаўцоў тавараў і паслуг”, — гаворыцца ў паведамленні Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага.

Некалькі прадпрыемстваў — „Отыка”, „Ліфтсэрвіс”, „Энергія”, „БРК-Метал” — прапануюць дапоўніць законапраект „Аб правах камерцыйных арганізацый” нормамі па барацьбе са спажывецкім экстрэмізмам і накіраваць на разгляд у дзяржорганы.

Дакумент распрацаваў заслужаны юрыст Беларусі саветнік па прававых пытаннях прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі (IFC) у Беларусі Валерый Фадзееў. Законапраект замацоўвае 13 асноўных правоў камерцыйных арганізацый, у тым ліку правы на прадпрымальніцкую рызыку, абскарджанне неправамерных рашэнняў і дзеянняў дзяржорганаў, спагнанне страт, прычыненых незаконнымі дзеяннямі або рашэннямі службовых асоб.

Згодна з праектам, узаемаадносіны дзяржорганаў і службовых асоб з бізнесам павінны будавацца на аснове прэзумпцыі добрасумленнасці камерцыйных арганізацый. Абвяшчаецца прынцып: „Магчымае ўсё, што не забароненае законам”. Пры гэтым, згодна з праектам, усе супярэчнасці і няяснасці заканадаўства павінны тлумачыцца на карысць бізнесу.

Законапраект таксама прадугледжвае, што чыноўнікі павінны прымаць меры для выключэння неабгрунтаваных страт камерцыйных арганізацый, у іншым выпадку гэтым службовым асобам пагражае прыцягненне да адказнасці.

„Ведаючы нашых чыноўнікаў, я не адчуваю асаблівага аптымізму ў частцы хуткасці ўзгаднення і прыняцця закона. Верагодней за ўсё, будзе супрацьстаянне з боку дзяржструктур”, — выказаў меркаванне Фадзееў.

belapan.by