Прадпрымальнік: Ствараецца ўражанне, што чыноўнікі не валодаюць інфармацыяй



Прадпрымальнікі, прадстаўнікі Менску, Гарадзенскай і Віцебскай абласцей, наведалі Міністэрствы эканомікі, а таксама па падатках і зборах, дзе сустрэліся з шэрагам чыноўнікаў. Паводле прадпрымальніка з гарадзенскага рынку „Паўднёвы” Юрыя Жыватоўскага, у Міністэрстве эканомікі яны прапанавалі ўключыць сваіх прадстаўнікоў у працоўную групу па распрацоцы ўказа №222:

– На гэты момант указу няма, паўза моцна зацягнулася. Каментары чыноўнікаў па гэтым указе пачынаюць разыходзіцца. Таму ў мяне ёсць думка, што магчыма людзі, якія распрацоўваюць указ, не зусім валодаюць усёй інфармацыяй па гэтым указе, або ў іх узніклі нейкія складанасці, і мы, індывідуальныя прадпрымальнікі, для якіх гэты ўказ распрацоўваецца, можам ім дапамагчы ў вырашэнні гэтай сітуацыі.

Таксама прадстаўнікі прадпрымальнікаў падалі звароты пра зніжэнне падатка-абкладання і высвятленне пытання пра сертыфікаты. У міністэрстве па падатках і зборах яны звярнулі ўвагу на адрозненні ў тлумачэннях законаў аб прадпрымальніцкай дзейнасці, якія даюцца чыноўнікамі. Усё гэта блытае прадпрымальнікаў і паралізуе іх дзейнасць. У выніку на гарадзенскім рынку «Паўднёвы» працуе толькі каля 200 прадпрымальнікаў. У лепшыя часы іх было каля дзвюх тысячаў – адзначыў наш суразмоўца.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.