Прадпрымальнік: У гэтым супрацьстаянні пераможцаў не будзе



Індывідуальныя прадпрымальнікі гарадзенскага рэчавага рынку „Паўднёвага” чакаюць змяншэння на 14% арэнднай платы за гандлёвыя месцы.

На думку кіраўніка рады ІП гэтага рынку Андрэя Шасцярыкова, адміністрацыя і ўлады вучацца дамаўляцца з прадпрымальнікамі, але канчатковае рашэнне засталося за Міністэрствам юстыцыі.

– На маю думку, істотна гэта не дапаможа прадпрымальнікам. Таму што тут трэба глядзець у корань. Калі сітуацыя ў краіне толькі пагаршаецца, перадусім у эканоміцы. Мы бачым, якая пакупніцкая здольнасць у нашых пакупнікоў, а мы ад іх напрамую залежым. Тут трэба каардынальна ўсё мяняць. Трэба зніжаць арэндную плату. Я не гавару аб 14%. Я гавару ад 30-40%. Усё гэта трэба прадумваць. У гэтым змаганні, у гэтым супрацьстаянні пераможцаў не будзе. Будуць толькі тыя, хто прайграў, – як з боку ўлады, так і з боку прадпрымальнікаў.

Паказальна, што аўторак – гэта дзень аптовых закупак, калі традыцыйна бывае шмат пакупнікоў. Але цяпер такога не відаць. Значная частка рабочых месцаў – боксаў – зачыненая, а пакупнікоў зусім мала.

– Такі факт: моладзь бяжыць. Менавіта малодшае пакаленне. Тыя, якія працавалі побач са мной, з’ехалі ў Амэрыку. З’язджаюць сем’ямі. Такая сітуацыя – вельмі засмучае. І хоць па статыстыцы ў нас малы адток насельніцтва з рэспублікі. Але знізу бачна лепш. Людзі з’язджаюць. І досыць шмат хто ўжо пакінуў краіну. Хто ў Польшчу, хто ў Літву, хто ў Амерыку. Бягуць людзі. Эканамічная сітуацыя вельмі цяжкая.

На працягу мінулага года дагаварныя стасункі з адміністрацыяй рэчавага рынку „Паўднёвага” разарвалі 136 прадпрымальнікаў. Аднак ІПэшнікі рынку праяўляюць салідарнасць. На патрэбы аб’яднання „Перспектыва” толькі прадпрымальнікі рынку „Паўднёвы” сабралі 700 рублёў ахвяраванняў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя