Прадпрымальнікаў ціснуць падаткамі



Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавёў пра тое, як на ІП-эшніках адбілася чарговае падвышэнне стаўкі адзінага падатку.

Нагадаем, што Менгарсавет прыняў рашэнне падвысіць стаўку адзінага падатку, 19 студзеня яно набыло моц.

Апошні раз у Менску стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асобаў падвышаліся менш за год таму – 29 сакавіка 2016 года. Падвышэнне тады склала ў сярэднім 15 %.

Вячаслаў Піліпук: Такім чынам, зараз у сталіцы стаўка адзінага падатку вырасла прыкладна на 12 адсоткаў. І гэта даволі істотна, калі ўлічваць тую сітуацыю, у якой сёння апынуліся ІП-эшнікі. Дадайце ў выдаткі арэндную плату, іншыя плацяжы, і сума атрымаецца істотная. Акрамя таго, у студзені, пасля навагодніх святаў, традыцыйна зніжаецца пакупніцкая актыўнасць насельніцтва. Усё гэта разам, безумоўна, сказваецца на працы прапрымальнікаў. 

РР: Падаткавікі кажуць, што перад падвышэннем стаўкі адзінага падатку праводзіліся грамадскія слуханні…

Вячаслаў Піліпук: Я не ведаю, хто ў тых слуханнях удзельнічаў. Можа быць, нейкія зацікаўленыя дзяржаўныя асобы. Бо, калі б у абмеркаванні ўдзельнічалі прадстаўнікі прадпрымальніцкай супольнасці, то ніхто б не выказаўся за падвышэнне падатку. Днямі я пазнаёміўся з амерыканскай сістэмай падаткаабкладання, і там падаткавы цяжар не перавышае 30-31 адсоткаў. Акрамя таго, амерыканская падаткавая сістэма настолькі празрыстая, што разумееш, чаму ў ЗША 95 адсоткаў бюджэта складваецца з падаткавых паступленняў ад малога і сярэдняга бізнеса. Вось у якім накірунку трэба рухацца, а не проста падвышаць падаткі.

РР: А як працуюць падаткавыя сістэмы ў нашых бліжэйшых суседзяў?

Вячаслаў Піліпук: Ведаю, што ва Украіне вялікія падаткавыя ільготы для прадпрымальнікаў. У іх адзіны падатак – каля 12 даляраў. У Расеі прыкладна тая ж сітуацыя. А вось у Беларусі гэты самы падатак складае каля 60 даляраў. Як кажуць, адчуйце розніцу!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя