Прадпрымальнікі атрымалі „лісты шчасця”



У межах барацьбы з ілжэпрадпрымальніцтвам правяраючыя органы накіравалі ў адрас добрасумленных прадпрымальнікаў шматлікія лісты з патрабаваннем даплаціць нібыта нявыплачаныя падаткі. Пра гэта паведаміла БелаПАН віцэ-прэзідэнт Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў Лілія Коваль.

„Калі кампанію правяраюць і выяўляюць, што некалькі гадоў таму яна складала дамову з фірмай, якая сёння лічыцца лжэпрадпрымальніцкай структурай, правяраная арганізацыя задняй датай налічвае да даплаты сумы падаткаў разам з пеняй. Рахункі на выплату гэтых сум атрымліваюць добрасумленныя прадпрымальнікі — такія вось „лісты шчасця”, — распавяла Лілія Коваль.

Яна таксама адзначыла, што прадпрымальнікі часта не хочуць аспрэчваць фіскальныя патрабаванні, якія ўтрымліваюцца ў гэтых лістах. „Калі мы прапануем членам саюза аспрэчваць „лісты шчасця”, прадпрымальнікі нам адказваюць, што разборы з правяраючымі органамі могуць абысціся ім яшчэ даражэй”, — патлумачыла Коваль.

Старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН падкрэсліў, што рэакцыя прадпрымальнікаў на атрыманне згаданых лістоў цалкам заканамерная. „Калі суб’ект гаспадарання вырашыць аспрэчваць фіскальныя патрабаванні, якія прысутнічаюць у „лісце шчасця”, да яго прыходзіць праверка. Выніковасць праверак складае ў нас у краіне больш за 90%. Гэта значыць, верагоднасць атрымаць штрафныя санкцыі ад правяраючых органаў у суб’ектаў гаспадарання вельмі высокая, таму яны і не спрабуюць апратэстоўваць”, — сказаў Аляксандр Швец.

Паводле яго слоў, сітуацыя, калі з-за барацьбы дзяржавы са злачыннымі арганізацыямі пакутуюць добрасумленныя прадпрымальнікі, вельмі негатыўна ўплывае на дзелавы клімат у краіне. „Мы не можам адмаўляць, што ў Беларусі існуюць ілжэпрадпрымальніцкія структуры (усякага роду „фінкі” і іншыя падстаўныя арганізацыі, неабходныя для ажыццяўлення супрацьпраўнай дзейнасці). Але добрасумленныя прадпрымальнікі павінны быць абароненыя ад „лістоў шчасця”, якія з’яўляюцца ў сувязі з дзейнасцю лжэпрадпрымальніцкіх структур”, — перакананы Швец.

У якасці выхаду з наяўнай сітуацыі кіраўнік бізнес-асацыяцыі бачыць стварэнне сістэмы „аднаго акна”, дзякуючы якому добрасумленныя арганізацыі маглі б праверыць сваіх контрагентаў. „Калі ў адказ на запыт упаўнаважаны орган паведамляе, што ў „чорным спісе” арганізацыі няма, тады юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік павінен вызваляцца ад усіх формаў адказнасці за кантакты з такім контрагентам”, — адзначыў Швец.

Бізнес-саюзы ўжо паставілі пытанне аб неабходнасці ўрэгулявання гэтай сітуацыі перад дзяржавай. „Мы накіравалі прапановы дзелавой супольнасці па лжэпрадпрымальніцтве ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб адпаведныя нормы заканадаўства былі перагледжаныя”, — распавёў БелаПАН сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

Маргелаў з’яўляецца членам рабочай групы па стымуляванні дзелавой актыўнасці, створанай у студзені гэтага года па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі. 27 студзеня адбылося першае пасяджэнне групы, на якім разглядаліся арганізацыйныя пытанні яе дзейнасці. Пасяджэнне праходзіла пад старшынствам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай.