Прадпрымальнікі пачалі стыхійныя страйкі на рынках



У некалькіх гарадах Беларусі прыватныя прадпрымальнікі пачалі стыхійныя страйкі. Яны пратэстуюць супраць указу Аляксандра Лукашэнкі №222, які забараняе з 1 ліпеня гандляваць без адпаведных дакументаў, што пацвярджаюць набыццё і паступленне тавараў, і супраць іншых мераў дзяржавы, якія разбураюць прыватнае прадпрымальніцтва ў краіне.

Па інфармацыі аднаго з лідараў беларускіх прадпрымальнікаў Вячаслава Піліпука, стыхійныя страйкі адбываюцца ў Віцебску, Гомелі, Слоніме, Баранавічах, Пінску.

Вячаслаў Піліпук:

– У Баранавічах, напрыклад, каля 300 чалавек сабраліся на рынку. Патрабавалі запрасіць кагосьці з кіраўніцтва. Пасля гэтага абралі ініцыятыўную групу, абыўся такі сход, і пайшлі ў бок выканкама на перамовы з чыноўнікамі.

Па словах Уладзіслава Піліпука, чыноўнікі літаральна разбегліся. З прадстаўнікамі прадпрымальнікаў ніхто не хацеў размаўляць. Але калі мясцовыя ўлады адмовяцца ад перамоваў з прадпрымальнікамі, тыя не выключаюць, што накіруюцца ў Менск, да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, – сказаў Піліпук.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя