Прадстаўнік Еўракамісіі: Мы падтрымліваем намаганні Беларусі па ўступленні ў СГА



Еўразвяз падтрымлівае намаганні Беларусі па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Пра гэта заявіў кіраўнік аддзела па супрацоўніцтве з Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю і краінамі Усходняга партнёрства дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пытаннях суседства і перамоў па пашырэнні (DG NEAR) Васіліс Марагас 11 снежня ў Менску на цырымоніі адкрыцця выпрабавальных лабараторый у сферы энергаэфектыўнасці на базе Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі.

„Як вы ведаеце, мы зараз пачынаем з Беларуссю дыялог аб свабодным гандлі. Мы таксама падтрымліваем намаганні Беларусі па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю”, — заявіў еўрапейскі чыноўнік.

На яго думку, стварэнне такіх лабараторый падрыхтуе Беларусь да паўнавартаснага ўдзелу ў міжнародным гандлі. „Тыя праверкі і выпрабаванні, якія праводзяцца тут, дапамогуць беларускім таварам прадавацца і на еўрапейскім рынку”, — лічыць Марагас.

Прадстаўнік Еўракамісіі адзначыў „значны ўзровень гандлю паміж Беларуссю і Еўразвязам”. „Мы спадзяемся, што аб`ём узаемнага гандлю будзе павялічвацца і далей. Для таго каб Беларусь была канкурэнтаздольнай на еўрапейскім рынку, важныя не толькі стандарты, але і тое, каб і самі прадукты былі канкурэнтаздольныя. Мы, акрамя дапамогі для Дзяржстандарта, аказваем падтрымку і у рэструктурызацыі беларускіх кампаній”, — сказаў ён.

„Для нас вельмі важна, каб спажыўцы ў Беларусі не мелі больш нізкі ўзровень аховы, чым спажыўцы ў Еўрасаюзе. Мы жывем у вельмі складаным глабалізаваным свеце, і неабходна падтрымліваць, абараняць і вучыць нашых спажыўцоў. Укараненне стандартаў па энергаэфектыўнасці дапаможа вам ствараць канкурэнтаздольную прадукцыю”, — падкрэсліў Марагас.

„Хто вырабляе прадукцыю згодна з нашымі нацыянальнымі патрабаваннямі, цалкам ўпэўненыя, што па пытаннях энергаэфектыўнасці для іх еўрапейскі рынак адкрыты”, — заявіў на цырымоніі старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка.

Паводле яго слоў, у краіне распрацаваныя і зацверджаныя 50 стандартаў у галіне энергаэфектыўнасці, якія цалкам гарманізаваныя са стандартамі і патрабаваннямі Еўразвяза. Назаранка таксама паведаміў, што Беларусь адстойвае свае пазіцыі па ўкараненні распрацаваных у краіне стандартаў і ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

Варта адзначыць, што з 10 па 13 снежня ў Буэнас-Айрэсе праходзіць міністэрская канферэнцыя СГА, у якой бярэ ўдзел першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка. Канферэнцыя праводзіцца раз на два гады, у ёй традыцыйна ўдзельнічаюць прадстаўнікі краін — членаў СГА і краін-назіральнікаў на высокім узроўні. У межах міністэрскай канферэнцыі беларуская дэлегацыя плануе правесці сустрэчы з кіраўніцтвам СГА і дэлегацыямі ключавых членаў арганізацыі (Бразіліі, ЕЗ, ЗША, Канады, Кітая, Расеі, Швейцарыі)”.

belapan.by