Прадстаўнікі бізнесу не згодныя з праектам Падатковага кодэкса



У сувязі з тым, што ў праект новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, які павінен набыць моц у 2018 годзе, не ўвайшлі прапановы дзелавой супольнасці, Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН) накіруе свае прапановы і заўвагі ў органы дзяржкіравання.

Гэтай тэме, паведамляе БСПН, была прысвечаная нарада, што адбылася 26 ліпеня. Як адзначылі яе ўдзельнікі, тэма фіскальнай палітыкі — прыярытэтная ў працы аб’яднання, і саюз неаднаразова выступаў з прапановамі аб ўдасканаленні падатковага заканадаўства, карэктаванні ставак падаткаў і пошлін, спрашчэнні падатковага адміністравання.

„На жаль, большасць гэтых прапаноў не былі падтрыманыя Міністэрствам па падатках і зборах і Мінфінам і не адлюстраваныя ў пададзеным ўладамі праекце Падатковага кодэкса”, — прыводзіць прэс-служба заяву сустаршыні і дырэктара БСПН Жанны Тарасевіч.

У сувязі з гэтым яна падкрэсліла, што дзелавая супольнасць не можа ўзгадніць законапраект аб унясенні зменаў у Падатковы кодэкс.

Як адзначаюць у БСПН, некаторыя навацыі гэтай рэдакцыі Падатковага кодэкса „выклікаюць сур’ёзныя нараканні” ў профільных экспертаў.

У прыватнасці, на думку бізнес-саюза, да негатыўных наступстваў можа прывесці норма, згодна з якой крэдытныя сродкі, якія паступаюць на рахункі прадпрыемстваў, могуць у бясспрэчным парадку спісвацца на пагашэнне запазычанасцяў па абавязковых плацяжах у дзяржбюджэт.

„Гэтыя і іншыя моманты мы плануем абмеркаваць паартыкульна, каб унесці свае прапановы не толькі ў Мінфін і МПЗ, але і ў Нацыянальны сход”, — падкрэсліла Тарасевіч.

Акрамя гэтага, лічаць у БСПН, новая рэдакцыя Падатковага кодэкса пагражае паняццю банкаўскай таямніцы.

Як паведамлялася, МПЗ прапануе ўнесці змены ў Падатковы кодэкс, паводле якіх банкі будуць абавязаныя перадаваць у падатковыя органы звесткі аб руху сродкаў па рахунках усіх юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пра гэтую ініцыятыву МПЗ праінфармавала камерцыйныя банкі ў чэрвені.

Беларускія банкі лічаць рэалізацыю ініцыятывы МПЗ затратным мерапрыемствам.

„Уручную шукаць патрэбную інфармацыю нерэальна. Запатрабуецца істотная тэхнічная дапрацоўка праграмнага забеспячэння, што адназначна прывядзе да дадатковых расходаў. Для банкаў гэта заўсёды балюча ў фінансавым плане”, — сказаў эксперт у банкаўскіх колах.

Удзельнікі фінансавага рынку чакаюць, што ініцыятыва МПЗ можа быць зацверджаная на заканадаўчым узроўні.

„Згодна з законам, калі будзе прынятае адпаведнае рашэнне Нацбанкам і Саўмінам, раскрыццё інфармацыі падатковым органам не будзе трактавацца як парушэнне банкаўскай таямніцы. Аднак з пункта гледжання духу закону тут ёсць пытанні, бо гаворка ідзе аб даванні ўсёй інфармацыі аб фінансавых патоках па ўсіх кліентах”, — лічыць эксперт.

БелаПАН