Праезд „зайцам” істотна падаражэе



З 31 студзеня падвысіцца памер штрафу за безбілетны праезд і правоз багажу ў гарадскім пасажырскім транспарце Берасця. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт камунальнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства “Брэстгартранс”. Цяпер замест фіксаванай паўбазавай велічыні, а гэта каля 12 рублёў, штраф можа вырасці да адной базавай, ці 24 з паловай рублёў, у залежнасці ад рашэння кантралёра.

Берасцейцы, якія не заўсёды аплочваюць праезд, збіраюцца цяпер быць больш пільнымі:

– За праезд усё роўна плаціць трэба. Бо з-за гэтага залежыць жыццядзейнасць аўтобуснага і тралейбуснага паркаў.

– У параўнанні, напрыклад, з коштамі на гарадскі транспарт у Еўропе, у нас цэны даволі нізкія. Калі параўноваць з Украінай, то там цана ўвогуле сімвалічная.

Праезд у берасцейскім гарадскім пасажырскім транспарце складае 50 капеек, калі набываць білет у кіроўцы то 55 капеек. Білеты можна набыць у касах на прыпынках, праз некаторыя паштовыя аддзяленні, альбо ў тралейбусе ці аўтобусе.

Ад 1 лютага за праезд можна будзе заплаціць і з мабільнага прыкладання, пакуль тэставага і толькі на дзвух маршрутах – аўтобусы 7 і 16 і толькі карыстальнікам гаджэтаў на базе Android.

Беларускае Радыё Рацыя