Прафіцыт бюджэту Беларусі за 11 месяцаў склаў 3,4 млрд рублёў



За студзень—лістапад 2017 года рэспубліканскі бюджэт выкананы з прафіцытам у 3,4 млрд рублёў, або 3,5% да ВУП, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Такім чынам, па выніках лістапада прафіцыт бюджэту не змяніўся: у студзені—кастрычніку ён таксама складаў 3,4 млрд рублёў.

Даходы рэспубліканскага бюджэту па выніках 11 месяцаў склалі 17,8 млрд рублёў, або 97% (тут і далей — удакладненага гадавога плана). За студзень—лістапад паступленне ПДК склала 8,6 млрд рублёў, або 91,3%. Падатку на прыбытак паступіла 2,4 млрд рублёў, або 84,3%. Акцызы паступілі ў суме 2,1 млрд рублёў, або 93,7%. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 3,1 млрд рублёў, або 97,3%.

Паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 11,1 млрд рублёў, або 82,2% зацверджанага гадавога плана, Фонд універсальнага абслугоўвання — 38,1 млн рублёў, або 96,9%, Фонд грамадзянскай авіяцыі — 26,9 млн рублёў, або 173,5%, Фонд дэпартамента выканання пакаранняў — 1,8 млн рублёў, або 150%.

Па стане на 1 снежня 2017 года запазычанасць па падатках і зборах склала 133,8 млн рублёў.

Расходы рэспубліканскага бюджэту склалі 14,4 млрд рублёў, або 82,5% удакладненага гадавога плана.

На агульнадзяржаўную дзейнасць накіравана 6 млрд рублёў (78,2%), на фінансаванне нацыянальнай эканомікі — 3,6 млрд рублёў (81,4%), на фінансаванне сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) — 11 млрд рублёў (83%). Расходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 11,1 млрд рублёў (87,4%), Фонду ўніверсальнага абслугоўвання — 16,9 млн рублёў (43%), Фонду грамадзянскай авіяцыі — 17,5 млн рублёў (112,9%), Фонду дэпартамента выканання пакаранняў — 0,8 млн рублёў (53,3%).

Бюджэт сектара дзяржаўнага кіравання (рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, ФСАН, пазабюджэтны фонд універсальнага абслугоўвання Мінсувязі, пазабюджэтны фонд грамадзянскай авіяцыі і пазабюджэтны фонд ДВП) за студзень—лістапад 2017 года склаўся з прафіцытам у суме 4,4 млрд рублёў, або 4,6% да ВУП.

Пры гэтым даходы бюджэту сектара дзяржкіравання склаліся ў суме 38,8 млрд рублёў, або 90,3%, расходы — 34,4 млрд рублёў, або 83,2%.

Як паведамляў БелаПАН, паводле ацэнак урада, даходы бюджэту ў 2017 годзе перавысяць запланаваныя на 1,1 млрд рублёў. „Рэспубліканскі бюджэт за 10 месяцаў выкананы з прафіцытам у 3,4 млрд рублёў, кансалідаваны — 4,4 млрд. Даходы па годзе ацэньваюцца вышэй, чым планавалі, на 1,1 млрд рублёў”, — паведаміў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў 21 лістапада падчас справаздачы Аляксандру Лукашэнку аб працы эканомікі.

Паводле слоў прэм’ера, умовы, пры якіх фарміраваўся бюджэт на 2017 год, адрозніваюцца ад фактычных. „За 10 месяцаў сярэднегадавыя цэны на нафту склаліся на ўзроўні 52 долары за бараль. Бюджэт разлічваўся пры 35 доларах за бараль. Мэтавы прагноз быў у 45 долараў за бараль”, — адзначыў Кабякоў.

Урад прапаноўвае дадатковыя даходы накіраваць на пакрыццё дэфіцыту бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва для выплаты працоўных пенсій — каля 722 млн рублёў, астатнія — на фінансаванне мерапрыемстваў па прынятых у гэтым годзе рашэннях кіраўніка дзяржавы. „Удакладнены бюджэт будзе ўнесены ў найбліжэйшы час”, — сказаў прэм’ер-міністр.

belapan.com