Прафіцыт бюджэту Беларусі за кастрычнік вырас на 1 млрд рублёў



За студзень—кастрычнік 2019 года рэспубліканскі бюджэт склаўся з прафіцытам у памеры 3,71 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Па выніках дзевяці месяцаў перавышэнне даходаў бюджэту над расходамі складала 2,7 млрд. Такім чынам, за кастрычнік прафіцыт вырас на 1 млрд рублёў.

Паводле дадзеных Мінфіна, даходы рэспубліканскага бюджэту ў студзені—кастрычніку склалі 20,56 млрд рублёў, або 85,4% удакладненага гадавога плана. Паступленне ПДК склала 9,9 млрд рублёў, або 85,4%. Падатку на прыбытак паступіла 3,2 млрд рублёў, або 77,1%. Акцызы паступілі ў суме 2,3 млрд рублёў, або 89,5%. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 3,9 млрд рублёў, або 88,3%.

Паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 12,99 млрд рублёў, або 86,3% зацверджанага гадавога плана, Фонд універсальнага абслугоўвання — 45,1 млн рублёў, або 107,4%, Фонд грамадзянскай авіяцыі — 36,9 млн рублёў, або 141,9%, Фонд дэпартамента выканання пакаранняў — 0,38 млн рублёў, ці 95%.

На 1 лістапада 2019 года запазычанасць па падатках і зборах склала 173,9 млн рублёў.

Расходы рэспубліканскага бюджэту ў студзені—кастрычніку склалі 16,85 млрд рублёў, або 74,9% удакладненага гадавога плана. На агульнадзяржаўную дзейнасць накіравана 6,6 млрд рублёў (68%), на фінансаванне нацыянальнай эканомікі — 4,5 млрд рублёў (79,2%), на фінансаванне сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) — 12,7 млрд рублёў (77,6%).

Расходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 12,92 млрд рублёў (87,1%), Фонду ўніверсальнага абслугоўвання — 13,2 млн рублёў (17,9%), Фонду грамадзянскай авіяцыі — 22,7 млн рублёў (87,3%), Фонду дэпартамента выканання пакаранняў — 0,19 млн рублёў (47,5%).

Прафіцыт бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склаў 0,07 млрд рублёў, Фонду ўніверсальнага абслугоўвання — 31,9 млн рублёў, Фонду грамадзянскай авіяцыі — 14,2 млн рублёў, Фонду дэпартамента выканання пакаранняў — 0,19 млн рублёў.

У 2020 годзе сукупныя страты бюджэту Беларусі могуць скласці 1,9 млрд рублёў, паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, прадстаўляючы 4 лістапада на пасяджэнні камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў праект бюджэту на будучы год.

„Скарачаюцца паступленні ад мытных пошлін на нафтапрадукты на 537 млн рублёў, паступлення сродкаў ад так званай перамытнёўкі” — 951 млн рублёў”, — сказаў Селіверстаў.

Нагадаем, Расія ў 2017 годзе з мэтай кампенсацыі высокіх (на думку беларускага боку) цэн на газ дала Беларусі магчымасць залічаць у свой бюджэт мытную пошліну ад 6 млн тон нафты (так званая перамытнёўка). Беларуска-расейскія дамоўленасці ў нафтагазавай сферы мінаюць ў гэтым годзе. Пакуль дамоўленасць аб працягу „перамытнёўкі” не дасягнутая.

[manual_related_posts]