Праграму рэформ для Беларусі выказалі гатовасць падрыхтаваць 60 эканамістаў



60 эканамістаў падпісалі адкрыты ліст да грамадскасці Беларусі, у якім адзначылі неабходнасць распрацоўкі праграмы эканамічных рэформ і абвясцілі пра гатовасць дапамагчы ў гэтым.

„Мы, ніжэйпадпісаныя эканамісты, заяўляем пра гатовасць аказаць экспертную дапамогу ў распрацоўцы праграмы эканамічных рэформ у Беларусі, якія дазволяць забяспечыць развіццё краіны і рост дабрабыту яе грамадзян. Мы гатовыя выкарыстоўваць свае веды і вопыт для кансультавання новай дэмакратычна абранай улады ў Беларусі”, — гаворыцца ў лісце.

На думку аўтараў ліста, Беларусь мае ўсе магчымасці для пераходу на новы этап эканамічнага развіцця і значнага паляпшэння якасці жыцця людзей.

„Мы бачым будучыню Беларусі сярод развітых эканомік, у якой кожны чалавек мае роўныя шансы на рэалізацыю сваіх магчымасцяў. Але для гэтага неабходна вырашыць мноства назапашаных структурных праблем”, — падкрэсліваецца ў лісце.

Калі гэтага не зрабіць, лічаць яны, „Беларусь будзе ўсё больш адставаць па ўзроўні жыцця ад больш развітых суседзяў і развітога свету ў цэлым, а моладзь будзе імкнуцца з’ехаць за мяжу, каб там рэалізаваць свой патэнцыял”.

На іх думку, эканамічную сітуацыю пагаршае палітычны крызіс.

„У найбліжэйшай перспектыве гэта можа прывесці да фінансавых катаклізмаў і зніжэння дабрабыту грамадзян. Каб гэтага не дапусціць, палітычны крызіс павінен быць як мага хутчэй вырашаны мірным шляхам”, — лічаць аўтары звароту.

Для вырашэння структурных праблем і дасягнення ўстойлівага доўгатэрміновага росту, „перш за ўсё неабходна стварыць інстытуцыйную аснову”, перакананыя эканамісты.Такая аснова, на іх думку, павінна, у прыватнасці, уключаць незалежнасць судовай сістэмы і змяненне ролі дзяржавы ў эканамічным развіцці.

„З „прагрэсара „, кіруючага і накіравальнага эканамічнае развіццё, дзяржава павінна ператварыцца ў гаранта развіцця інстытутаў і сацыяльнай інфраструктуры. Дзяржава не павінна ўмешвацца ў эканоміку з планамі і заданнямі”, — лічаць эксперты.

Аўтары звароту таксама лічаць, што для ўстойлівага эканамічнага развіцця неабходна на справе стварыць роўныя ўмовы гаспадарання, павышаць эфектыўнасць кіравання дзяржпрадпрыемствамі, развіваць фінансавы рынак.

„Эфектыўная фінансавая сістэма надзвычай важная для развіцця краіны. Яна дазваляе адбіраць найлепшыя інвестыцыйныя праекты і эфектыўна выкарыстоўваць зберажэнні людзей. Для паспяховага развіцця беларускай фінансавай сістэмы важна пазбавіцца ад дыскрэдытуючых практык, абумоўленых жаданнем дзяржавы кіраваць размеркаваннем фінансавых рэсурсаў”, — падкрэсліваюць аўтары звароту.

Яны выказваюць надзею, што „Беларусь у хуткім часе стане квітнеючай краінай”. „У выпадку, калі для гэтага спатрэбіцца наша экспертыза, то для нас будзе гонарам яе падаць”, — гаворыцца ў звароце.

Ліст падпісалі 60 эканамістаў, у тым ліку прадстаўнікі беларускіх і замежных даследчых цэнтраў, а таксама ўніверсітэтаў. Пад лістом, у прыватнасці, падпісаліся гендырэктар Бізнес-школы ІПМ Павел Данейка, вядомы расійскі эканаміст Сяргей Гурыеў, прэзідэнт Кіеўскай школы эканомікі Цімафей Мілаванаў, доктар эканомікі Універсітэта Агаё Вольга Бельская, доктар эканамічных навук Сяргей Лукін, практычна ўсе супрацоўнікі Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC, іншыя эканамісты.

БелаПАН