Прамысловая вытворчасць у Беларусі ў студзені знізілася на 5,8%



У студзені 2020 года аб`ём прамысловай вытворчасці ў бягучых цэнах склаў 8,5 млрд рублёў. У супастаўных цэнах гэта на 5,8% менш, чым у студзені 2019 года, паведаміў Белстат.

У студзені 2019 года прырост прамысловай вытворчасці склаў 0,9%.

У студзені 2020 года ў горназдабыўной прамысловасці зніжэнне склала 3,6%, у апрацоўчай — 5%. У забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам аб`ём вытворчасці знізіўся на 10,5%, у водазабеспячэнні, зборы, апрацоўцы і выдаленні адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — павялічыўся на 1,1%.

У 2017 годзе прамысловая вытворчасць вырасла на 6,1%, у 2018-м — на 5,7%, у 2019-м — на 1%.

Без перадзелу правоў уласнасці развіццё прамысловасці ў Беларусі немагчымае, заяўляў раней БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” эканаміст Яраслаў Раманчук.

„Прамысловасць знаходзіцца не ў руках гаспадароў, а распарадчыкаў чужога, таму яна пакутуе. Адсюль дэіндустрыялізацыя краіны, скарачэнне колькасці працаўнікоў у прамысловасці, нізкі дададзены кошт і прадукцыйнасць працы, якая ў тры-чатыры разы ніжэйшая, чым у краінах Еўропы”, — заўважыў Раманчук.

На яго думку, не змяніўшы структуру ўласнасці ў прамысловасці, „будзем „цялёпкацца” і назіраць, як менш і менш людзей працуе ў гэтым сектары эканомікі”.

belapan.by