Пражытачны мінімум павялічаны на 5,58 рубля



1 лютага ў Беларусі на 5,58 рубля павялічаны бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва — цяпер ён складае 180,10 рубля.

Згодна з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, новы нарматыў будзе дзейнічаць па 30 красавіка 2017 года.

З пачатку 2016 года БПМ штоквартальна павялічваўся, а 1 лістапада быў зменшаны на 98 капеек з-за паніжэння цэн на плодаагароднінную прадукцыю ў перыяд яе масавай нарыхтоўкі і значнай удзельнай вагі гэтага артыкула расходаў у прадуктах харчавання.

У сувязі са зменай БПМ 1 лютага 2017 года павялічаныя: мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі; надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты асобам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасці i сацыяльнай абароне; дапамогі па доглядзе інваліда I групы ці асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; дапамогі на дзяцей — пры нараджэнні дзіцяці (першага дзіцяці — 10 БПМ, другога і наступных дзяцей — 14 БПМ), па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (1 БПМ), на дзяцей ва ўзросце ад трох да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў (0,5 БПМ), на дзяцей старэйшых за тры гады з асобных катэгорый сем’яў (0,5 БПМ, 0,7 БПМ), на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаваных вірусам імунадэфіцыту чалавека (0,7 БПМ); іншыя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца з памеру БПМ.

Усталяваны таксама новы БПМ для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва: працаздольных грамадзян — у памеры 198,63 рубля; пенсіянераў — 138,80; студэнтаў — 175,24; дзяцей да трох гадоў — 116,83; дзяцей ад трох да шасці гадоў — 160,61; дзяцей ад шасці да 18 гадоў — 197,40 рубля.

Бюджэт пражытачнага мінімуму служыць нарматывам індэксацыі даходаў насельніцтва, а таксама выступае як крытэрый патрэбнасці пры вызначэнні права грамадзян на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі і забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Акрамя таго, БПМ прымяняецца для вылічэння іншых выплат і служыць крытэрыем ацэнкі пры вызначэнні права грамадзян на некаторыя віды сацыяльнай падтрымкі.

Бюджэт пражытачнага мінімуму ўяўляе сабой вартасную велічыню мінімальнага набору прадуктаў харчавання і нехарчовых тавараў і паслуг, неабходных для захавання здароўя чалавека і забеспячэння яго жыццядзейнасці. Пражытачны мінімум для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва складаецца з мінімальных набораў прадуктаў харчавання, нехарчовых тавараў і паслуг (кошт нехарчовых тавараў і паслуг вызначаны ў памеры 77% ад кошту мінімальнага набору прадуктаў харчавання).

belapan.by