Продаж новых аўтамабіляў Hyundai ў Беларусі вырас амаль удвая



За 2017 год у Беларусі прададзена 1.587 аўтамабіляў Hyundai, што амаль удвая больш, чым годам раней, паведаміў 29 студзеня прэс-канферэнцыі ў Менску Уладзімір Матусевіч — генеральны дырэктар ТАА „Хёндэ АўтаГрад”, якое з’яўляецца адзіным аўтарызаваным дыстрыбутарам канцэрна Hyundai Motor Company ў краіне.

„Калі мы дзесяць гадоў таму пачыналі продаж Hyundai ў Беларусі, то ў першыя гады прадавалі 300-500 машын за год. За дзесяць гадоў мы перажывалі ўзлёты і падзенні, але ў 2017 годзе нам удалося павялічыць продаж аўтамабіляў практычна на 100%”, — адзначыў Матусевіч.

Што да мадэльнага шэрагу, то летась было прададзена 621 аўтамабіль Accent, 845 — Creta і 120 — Tucson і 1 Genesis G90. Пры гэтым чвэрць новых аўтамабіляў Hyundai былі прададзеныя ў рэгіёнах. Прыкладна столькі ж займае доля продажу сярод юрыдычных асоб.

У „Хёндэ АўтаГрад” заяўляюць, што адным з ключавых складнікаў камерцыйнага поспеху з’яўляюцца высокую якасць, а таксама спажывецкія, тэхнічныя характарыстыкі і надзейнасць аўтамабіляў маркі Hyundai, якая ў 2017 годзе адсвяткавала паўвекавы юбілей. Акрамя таго, на імклівы рост продажу паўплывала фінансавая стабільнасць у Беларусі, што адбілася на выгадных умовах крэдытавання і лізінгу.

Сёлета „Хёндэ АўтаГрад” разлічвае павялічыць продаж прыкладна на 50% да леташняга аб’ёму. „Мы таксама разлічваем пашырыць наш мадэльны шэраг. Плануем, што да трох мадэляў дададуцца яшчэ тры. Праўда, пакуль мы не хацелі б апярэджваць падзеі”, — паведаміў дырэктар „Хёндэ АўтаГрад” па маркетынгу Сяргей Бабашкоў.

Паводле слоў Матусевіча, адным з пакупнікоў Hyundai ў Беларусі стала пісьменніца нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.

Hyundai Motor Company — паўднёвакарэйская аўтамабілебудаўнічая кампанія, заснаваная ў 1967 годзе. Найбуйнейшы аўтавытворца ў Паўднёвай Карэі і чацвёрты ў свеце. Штаб-кватэра размешчаная ў Сеуле. Кампаніі належыць шэраг аўтазаводаў у Паўднёвай Карэі, Турцыі, Паўночнай Амерыцы, Кітаі, Індыі, Чэхіі, Расіі і Бразіліі.

belapan.by