Прыбытак банкаў у жніўні абваліўся



Беларускія банкі ў жніўні зарабілі ў 16 разоў меншую суму, чым у тым жа месяцы годам раней. Магчыма, так на іх адбіўся цяжар праблемных актываў.

Сукупны прыбытак банкаўскай сістэмы на 1 верасня 2021 года склаў 910 млн рублёў, па даных Нацбанка.

Аднак яшчэ на 1 жніўня гэты паказчык быў роўны 905,4 млн руб. З гэтага вынікае, што за жнівень сістэма зарабіла толькі 4,6 млн, звяртаюць увагу Вanki24.

Нават у жніўні 2020-га прыбытак сістэмы склаў 74,6 мільёнаў рублёў. Такі прыбытак быў паказаны банкамі, нягледзячы на ​​крызіс пасля выбараў (адток дэпазітаў і дэвальвацыя).

Абвал прыбытку ў жніўні 2021 года тым больш дзіўны ва ўмовах дзейных рэгуляторных паслабленняў ад Нацбанка. Яны дазваляюць банкам паказваць большы прыбытак, чым без паслабленняў.

Да таго ж ні дэвальвацыі, ні гіганцкага адтоку дэпазітаў з сістэмы не адзначалася.

У чым жа прычына? Магчымы адказ звязаны з неабслугоўванымі актывамі сістэмы — яны дасягнулі рэкорднай за апошнія тры гады велічыні. Усяго за месяц іх памер падскочыў з 3,376 да 4,030 млрд рублёў. Неабслугоўваныя актывы часта называюць праблемнымі, бо верагоднасць вяртання грошай па такіх актывах банкаў істотна паніжана.

Статыстыка па неабслугоўваных актывах даступная з 1 траўня 2018 года. Значэнне гэтых актываў на 1 верасня 2021-га — рэкорднае за ўвесь перыяд замераў. Рост неабслугоўваных актываў прымушае банкі фармаваць павышаныя рэзервы пад магчымыя страты. А паколькі рэзервы вырастаюць, то грошы вымываюцца з абароту і аўтаматычна падае прыбытак банкаў.

thinktanks.by