Прыбытак дзяржсектара за год скараціўся больш чым у два разы



Па выніках 2018 года чысты прыбытак арганізацый з дзяржаўным капіталам склаў 1.761 млн рублёў, зменшыўшыся больш чым удвая ў параўнанні з папярэднім. Пра гэта сведчаць дадзеныя, апублікаваныя ў бюлетэні Белстата аб асноўных паказчыках дзейнасці арганізацый дзяржсектара.

Згодна са статыстыкай прыбытак прадпрыемстваў з дзяржкапіталам скараціўся практычна ва ўсіх абласцях.

Так, у Берасцейскай вобласці чысты прыбытак прадпрыемстваў з дзяржаўным капіталам склаў па выніках мінулага года 417,9 млн рублёў і зменшыўся на 25%.

Дзяржсектар Менска зарабіў у 2018 годзе 891 млн рублёў — у параўнанні з 2017-м фінансавы вынік пагоршыўся на 21,1%.

У Менскай вобласці чысты прыбытак прадпрыемстваў з дзяржкапіталам склаў 1.200,1 млн рублёў, што на 12,2% менш за паказчык 2017 года.

Рэзкае скарачэнне чыстага прыбытку дзяржсектара адбылося ў Гомельскай вобласці: калі ў 2017 годзе ён складаў 607,2 млн рублёў, то летась — 8,2 млн.

У Гарадзенскай вобласці дзяржсектар атрымаў страту ў памеры 236,9 млн рублёў супраць прыбытку ў 2017 годзе на ўзроўні 344,5 млн рублёў.

Прадпрыемствы з дзяржкапіталам Віцебскай вобласці спрацавалі летась са стратай у 150,9 млн рублёў супраць прыбытку 262,2 млн рублёў у 2017-м.

Страта дзяржсектара Магілёўскай вобласці па выніках 2018 года склала 368,5 млн рублёў. У 2017 годзе адмоўны вынік быў крыху вышэйшы — 378 млн рублёў.

Тэма складанага фінансавага становішча дзяржпрадпрыемстваў падымалася ў студзені на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка. Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц канстатаваў, што стан дзяржсектара застаецца цяжкім. „Індыкатарамі гэтага з’яўляюцца зніжэнне чыстага прыбытку і рэнтабельнасці, — сказаў ён. — Аб’ём патэнцыйных рызык, звязаных з няўстойлівым фінансавым становішчам найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў, ацэньваецца Нацыянальным банкам на ўзроўні 15% ВУП”.

На думку Калечыца, прычына складанага і няўстойлівага фінансавага становішча прадпрыемстваў рэальнага сектара крыецца ў высокім узроўні крэдытных і фіскальных рызык.

belapan.by

[manual_related_posts]