Прырост беларускага ВУП у студзені-ліпені працягнуў тармажэнне



Паводле першай ацэнкі за студзень—ліпень 2018 года аб’ём валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў бягучых цэнах склаў 66,7 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах 104,4% да ўзроўню студзеня—ліпеня 2017 года.

Індэкс-дэфлятар ВУП у студзені—ліпені 2018 года ў адносінах да аналагічнага перыяду папярэдняга года склаў 112,1%.

У студзені 2018 года ВУП вырас на 4,8%, у студзені—лютым — на 5,7%, студзені—сакавіку — на 5,2%, студзені—красавіку — на 4,8%, студзені—маі — на 4,7%, студзені—чэрвені — на 4,5%. Такім чынам, за ліпень рост затармазіўся на 0,1 працэнтнага пункта.

Рост беларускай эканомікі запавольваецца, але застаецца на высокім узроўні, што можа гаварыць аб завяршэнні фазы аднаўлення эканамічнай актыўнасці. Такая выснова ўтрымліваецца ў ліпеньскім макрааглядзе, падрыхтаваным Еўразійскім банкам развіцця.

Як адзначаюць аналітыкі ЕАБР, у чэрвені 2018 года рэальны ВУП у Беларусі павялічыўся на 3,6% у параўнанні з адпаведным месяцам папярэдняга года, а па выніках першага паўгоддзя рост эканомікі склаў 4,5% у гадавым выражэнні (у студзені—маі 2018 года — 4,7%).

„Асноўным фактарам зніжэння тэмпаў росту з’яўляецца больш стрыманая дынаміка прамысловай вытворчасці і інвестыцыйнай актыўнасці”, — робяць выснову эканамісты.

Паводле прагнозаў ЕАБР, рост беларускай эканомікі па выніках 2018 года складзе 3,7%.

belapan.by