Прыватны бізнес выступае супраць дзяржпадтрымкі неэфектыўных прадпрыемстваў



Прадстаўнікі прыватнага бізнесу не падтрымліваюць практыку аказання дзяржаўнай дапамогі стратным прадпрыемствам. Гэта вынікае з апытання прадстаўнікоў малых і сярэдніх арганізацый, якое ў сакавіку—красавіку праведзенае на замову Даследчага цэнтра ІПМ.

Апытанне правяла кампанія MIA Research. У ім узялі ўдзел 409 прадстаўнікоў малых і сярэдніх прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці — дырэктары, уласнікі і вядучыя спецыялісты.

Амаль 80% рэспандэнтаў не пагадзіліся з меркаваннем, што „стратныя і неканкурэнтаздольныя прадпрыемствы павінны субсідавацца дзяржавай”. Прадстаўнікі прыватнага бізнесу прытрымліваюцца іншага меркавання: „жыццяздольнасць прадпрыемства павінна вызначацца здольнасцю вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю”.

Пры гэтым амаль 65% удзельнікаў апытання назвалі „вялікую колькасць стратных прадпрыемстваў” адной з найбольш актуальных праблем Беларусі.

Тэма дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў узнімалася 3 мая на нарадзе па эканамічных пытаннях з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Звяртаючыся да ўрада, ён раскрытыкаваў існую практыку дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў. „Мы не бачым абяцанага эфекту ў поўным аб’ёме ад раней аказанай дзяржпадтрымкі. Нам патрэбныя прадпрыемствы, якія жывуць без пастаяннага падсілкоўвання з дзяржбюджэту”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Пасля нарады прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў, што падчас абмеркавання прапаноўвалася наогул адмовіцца ад аказання дзяржпадтрымкі прадпрыемствам. „Было прапанавана ўраду (і гэта павінны пачуць кіраўнікі рэгіёнаў, прадпрыемстваў, галін) наогул лепш такія прапановы не ўносіць. А калі ўносіць — то за кожную коску і кожную лічбу будзе жорсткая адказнасць”, — сказаў Кабякоў. Ён дадаў, што за неэфектыўнае выкарыстанне сродкаў дзяржпадтрымкі дырэктары заводаў будуць пазбаўляцца пасады.

belapan.by