Пуск ядзернай устаноўкі першага энергаблока БелАЭС запланаваны на сакавік 2019 года



Фізічны пуск ядзернай устаноўкі першага энергаблока Беларускай АЭС запланаваны на сакавік 2019 года. Пра гэта 10 кастрычніка падчас размовы з замежнымі журналістамі — удзельнікамі прэс-тура на БелАЭС заявіў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, паведамляе прэс-служба Мінэнерга.

„У адпаведнасці з тэрмінамі і зыходзячы з тэхналогіі, генпадрадчыкам складзены графік працы, у якім вызначаны шэраг ключавых пунктаў і важных падзей, — сказаў чыноўнік. — Робіцца ўсё неабходнае, напрыклад, каб завезці ядзернае паліва ўжо сёлета. У сакавіку 2019 года мы павінны ажыццявіць фізічны пуск ядзернай устаноўкі — гэта азначае загрузку паліва ў ядзерны рэактар і пачатак выпрабаванняў. У сярэдзіне наступнага года мы павінны ўключыцца ў энергасістэму краіны”.

У пачатку гэтага года Міхаіл Міхадзюк у інтэрв’ю журналістам заяўляў, што для захавання тэрмінаў уводу ў эксплуатацыю першага энергаблока атамнай станцыі фізічны пуск яго рэактарнай устаноўкі павінен быць ажыццёўлены ў лютым 2019-га.

„Па графіку будаўніцтва станцыі, для таго каб забяспечыць пуск першага блока у 2019 годзе, мы ў лютым 2019-га павінны ажыццявіць фізічны пуск рэактарнай устаноўкі і загрузіць паліва ў рэактар, — казаў намеснік міністра энергетыкі. — Пасля гэтага па спецыяльных праграмах будзе пачаты комплекс выпрабаванняў, потым робіцца выхад на электрычную магутнасць, якая будзе паступова нарошчвацца. <…> Улетку 2019 года мы павінны выйсці на ўключэнне ў сетку з пэўнай магутнасцю. Затым пачнецца этап паступовага нарошчвання магутнасці так, каб да канца года першы энергаблок станцыі пачаў працаваць на поўную праектную магутнасць”.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.

belapan.by