Пуцін разлічвае на вырашэнне пытання па цане на газ да канца года



Перамовы Расеі з Беларуссю па новым кантракце на пастаўку газу ідуць у адпаведнасці з планам. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін на брыфінгу па выніках саміту БРІКС у Бразіліа.

„Перамовы з Беларуссю ідуць па плане. Я спадзяюся, што да канца года мы гэта адрэгулюем”, — сказаў Пуцін, стэнаграма выступу якога размешчаная на сайце Крамля.

У красавіку 2017 года Расія ўзгадніла цану на газ для Беларусі ў 2018 і 2019 гадах на ўзроўні 129 і 127 долараў ЗША за тысячу кубаметраў.

Кантракт па пастаўках заканчваецца ў 2019 годзе. Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перамовы з Расіяй па цане на газ на наступны год стануць „яшчэ адной баталіяй, аналагічнай падатковаму манеўру”.

13 лістапада прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас паведаміў, што Расея і Беларусь пакуль не змаглі ўзгадніць дарожныя карты па інтэграцыі ў сферы нафты, газу і энергетыкі.

„Па шэрагу карт ёсць неўрэгуляваныя пазіцыі, у тым ліку і па нафце, газе, энергетыцы. Але там няма невырашальных пытанняў”, — сказаў Румас. Паводле слоў прэм’ер-міністра, урэгуляваць іх плануецца на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы 19 лістапада.

„Мы дамовіліся з маім расейскім калегам Дзмітрыем Анатольевічам [Мядзведзевым] прайсціся па ўсіх гэтых картах і паспрабаваць максімальна зняць рознагалоссі, якія ёсць. Гэта ўсё не ёсць невырашальнымі пытаннямі. Яны паўставалі ў гісторыі нашых узаемаадносін з Расейскай Федэрацыяй і раней. Я думаю, што мы знойдзем развязкі. Калі не знойдзем, значыць, прэзідэнты паставяць нам дрэнную ацэнку за нашу працу і абавязкова знойдуць развязкі”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

belapan.by