Пяць раёнаў Віцебшчыны перапрафілююць на развіццё мясной жывёлагадоўлі



Пяць раёнаў Віцебскай вобласці будуць перапрафіляваныя на развіццё мясной жывёлагадоўлі, паведаміў 27 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло.

Паводле яго слоў, развядзеннем мясной жывёлы ў Беларусі займаюцца 224 сельгасарганізацыі. Па стане на 1 студзеня 2017 года ў мясной жывёлагадоўлі краіны было задзейнічана 69 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 57 тыс. чыстапароднай мясных парод.

Намеснік міністра заявіў, што цяпер у краіне ідзе „пераасэнсаванне гэтага кірунку”. „Мы правялі дэталёвы разбор і выявілі некалькі раёнаў Віцебскай вобласці, якія па шэрагу аб’ектыўных прычын на сённяшні дзень на належным узроўні не могуць добра суправаджаць малочную жывёлагадоўлю. Гэта залежыць ад контурнасці палёў, ёсць раёны з вялікай колькасцю азёр, дзе досыць складана энерганасычанай тэхніцы нарыхтоўваць кармы, але пры гэтым ёсць выдатныя лугавыя палі”, — сказаў Брыло.

Ён паведаміў, што вызначана пяць раёнаў Віцебскай вобласці (Браслаўскі, Гарадоцкі, Расонскі, Ушацкі, Шумілінскі), у якіх надой на карову не перавышае 3 тон. „Мы хочам зрабіць перапрафіляванне гэтых раёнаў на развядзенне мясной жывёлы. Гэта наша задача на найбліжэйшыя некалькі гадоў”, — сказаў Брыла.

На ўдакладняльнае пытанне журналістаў аб сітуацыі з вытворчасцю мармуровага мяса, ён адказаў: „Мы навучыліся вырошчваць пароды, ад якіх атрымліваюць такі від мяса. Яно з’явілася на нашых прылаўках. Але варта адзначыць, што для больш масавай вытворчасці неабходна перанавучанне работнікаў забойных і апрацоўчых цэхаў мясакамбінатаў, а таксама трэба тлумачыць спажыўцам карысць гэтага мяса і чаму на яго больш высокая цана”.

belapan.by