Работнікам культуры і сацабслугоўвання са снежня павысяць аклады



Савет міністраў 20 лістапада зацвердзіў пастанову № 863 аб павышэнні тарыфных ставак асобным катэгорыям работнікаў.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, пастанова тычыцца работнікаў устаноў сацыяльнага абслугоўвання і культурна-асветных устаноў, паколькі ў адпаведных галінах „адзначаецца найбольш нізкі памер сярэдняй заработнай платы ў параўнанні з іншымі галінамі бюджэтнай сферы”. Пры гэтым павышэнне дзейнічае толькі ў дачыненні да тых работнікаў, хто працуе па асноўным відзе дзейнасці ўстаноў.

Зменіцца і дыяпазон карэкціруючых каэфіцыентаў, што прымяняюцца да акладаў работнікаў. Гэтая мера дасць магчымасць павысіць узровень аплаты працы работнікаў, якія тарыфікуюцца 1—17-м разрадамі. Пры гэтым у большым памеры зарплата вырасце ў нізкааплатных катэгорый работнікаў, якія тарыфікуюцца з 1-га па 4-ты разрады.

Такім чынам, памеры тарыфных акладаў у сацработнікаў і работнікаў культуры павялічацца з 15% да 25%. У цэлым жа, як лічаць ва ўрадзе, прынятыя меры дадуць магчымасць павысіць узровень зарплаты ў сярэднім на 7,1%, а таксама забяспечыць яе рост і захаванне дыферэнцыяцыі ў аплаце працы.

Увесці карэкціруючыя каэфіцыенты да тарыфных ставак работнікаў бюджэтных арганізацый даручана Міністэрству працы і сацыяльнай абароны.

Таксама ўрад даручыў рэспубліканскім, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, кіраўнікам бюджэтных арганізацый пераразлічыць зарплаты работнікаў у адпаведнасці з новымі стаўкамі.

Пастанова набудзе моц 1 снежня. БелаПАН