Работнікі Менскага электратэхнічнага завода пачалі забастоўку



Работнікі Менскага электратэхнічнага завода 26 кастрычніка пачалі забастоўку, паведаміў вядучы інжынер прадпрыемства Віталь Чычмароў.

„Хоць мяне адправілі ў адпачынак, але мне паведамляюць супрацоўнікі, што не працуюць усе цэхі, акрамя 10-га і 11-га. Завод практычна спыніўся: не працуюць 6-ты, 9-ты і 16-ты цэхі — нарыхтоўчыя, якія даюць працу астатнім”, — сказаў Чычмароў.

Раней генеральны дырэктар Менскага электратэхнічнага завода імя Казлова Аляксандр Радзевіч выдаў загад аб забароне забастовак, мітынгаў і сходаў на прадпрыемстве.

Работнікі электратэхнічнага завода пасля выбараў правялі мітынгі, падчас якіх заявілі аб нязгодзе з абвешчанымі ўладамі вынікамі і запатрабавалі спыніць гвалт сілавікоў у дачыненні да грамадзян.

11 жніўня на прадпрыемстве прайшоў стыхійны мітынг з удзелам прыкладна 150 чалавек, падчас якога былі сфармуляваныя патрабаванні да ўладаў краіны. У прыватнасці работнікі завода заявілі, што не згодныя з вынікамі выбараў і „несумленным падлікам галасоў” і патрабуюць „неадкладнага спынення гвалту ў дачыненні да мірных і бяззбройных грамадзян, якія маюць права выказваць сваю палітычную пазіцыю ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі”.

Яны таксама запатрабавалі вызвалення „затрыманых падчас мірных дэманстрацый і непрыцягнення іх да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці як удзельнікаў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў”.

Акрамя таго, работнікі завода запатрабавалі спыніць блакаванне ў краіне інтэрнэту і не дапусціць „рэакцыйныя дзеянні з боку адміністрацыі прадпрыемства ў дачыненні да работнікаў, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю”.

belapan.by