Работнікі «Забудовы» скардзяцца на затрымку заробкаў



Зарплаты своечасова перасталі плаціць ужо з лістапада мінулага года. Распавядае Максім Гацак з прэс-службы аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, які атрымаў ліст ад абураных работнікаў ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Забудова».

– Да нас звярнуліся работнікі з “Забудовы” з Маладэчанскага раёна, якія паведамілі, што ў іх на прадпрыемстве праблема з выплатай заробку – выплачваюцца несвоечасова, па частках, і расцягваецца на даволі доўгі прамежак часу – да тыдняў даходзіць, да таго ж выплачваецца дробнымі часткамі. Апроч таго фактычна за апошні час заробак у работнікаў знізіўся на 70 даляраў у даляравым эквіваленце. Гэта ўсё выклікае незадаволенасць працаўнікоў, якія звярнуліся да нас.

Як распавёў Максім Гацак, работнікі “ Забудовы” адзначылі, што паводле звестак Белстата намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь у чэрвені 2014 павялічылася ў параўнанні з траўнем на амаль два з паловай адсотка, ці інакш на звыш 140 тысячаў рублёў. Аднак на прадпрыемстве заробак рабочым не ўздымалі ўжо больш за год. У даляравым эквіваленце рабочыя ўжо страцілі ад 70 да 100 даляраў у зарплаце ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя