Расея хоча адмовіцца ад беларускай і ўкраінскай солі



Расспажыўнагляд у некалькіх рэгіёнах Расеі рэкамендаваў рознічным гандлёвым сеткам не прадаваць беларускую і ўкраінскую соль. Прадукцыя вытворцаў солі з Беларусі і Украіны займае звыш паловы расейскага рынку. Іх месца гатовыя заняць расейскія кампаніі, чые магутнасці цяпер недазагружаныя на сорак працэнтаў. На федэральным узроўні рэкамендацый адмовіцца ад беларускай і ўкраінскай солі пакуль не паступала. Падчас планавых праверак Расспажыўнагляд выявіў, што соль беларускіх і ўкраінскіх вытворцаў не адпавядае патрабаванням харчовай прадукцыі па змесце розных дамешкаў, ёду, а таксама па аргана-лептычных паказчыках.

Расейскі рынак солі на 60 працэнтаў складаецца з імпартнай прадукцыі. Асноўнымі імпарцёрамі з’яўляюцца Украіна і Беларусь. Дарэчы, у 2006-ым годзе толькі чутак пра спыненне паставак солі з Украіны хапіла, каб яе кошты ў Расеі выраслі ў 10 разоў. Але цяпер, па словах экспертаў, у Расеі ёсць магчымасць замяніць імпартную прадукцыю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ike.sumy.ua