Расея знізіла пастаўкі нафты ў Беларусь на 37,6%



Скарачэнне паставак расейскай нафты прывяло да таго, што ў ліпені Беларусь знізіла яе імпарт на 37,6% у параўнанні з чэрвеньскім аб’ёмам, сведчаць папярэднія звесткі афіцыйнай статыстыкі.

У цэлым за студзень-ліпень Беларусь імпартавала з Расеі 12,7 млн тон нафты, што ў фізічным выражэнні на 5,3% менш (або на 713,4 тыс. тон) у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года.

Пры гэтым у ліпені Беларусь імпартавала 1,18 млн тон, што на 37,6% менш у параўнанні з чэрвеньскім аб’ёмам, калі было пастаўлена практычна 1,9 млн тон нафты.

Нагадаем, у першым паўгоддзі Расея штомесяц прадавала Беларусі 1,9-2 млн тон нафты, аднак у ліпені прыняла рашэнне скараціць пастаўкі вуглевадароднай сыравіны. Падставай для такога рашэння стаў рост запазычанасці Беларусі за расейскі газ. Акрамя таго, Мінэнерга РФ заяўляла, што беларускі бок не выконвае абавязацельствы па пастаўках нафтапрадуктаў на расейскі рынак.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду ў самыя кароткія тэрміны ўрэгуляваць сітуацыю па энергетычных пытаннях з Расеяй, аднак пасля перамоў на ўзроўні віцэ-прэм’ераў пасольства Беларусі ў Расеі паведаміла, што дасягнуць кампрамісу па газавым пытанні ўрадам дзвюх краін не ўдалося.

Між тым расейскі бок на днях заявіў, што ў чацвёртым квартале Расея мае намер працягваць пастаўкі нафты ў Беларусь паводле скарочанага графіка.

Як паведаміў РИА Новости прадстаўнік «Транснефці» Ігар Дзёмін, у трэцім квартале на беларускія НПЗ будзе пастаўлена 3,5 млн тон нафты, а ў чацвёртым — 3 млн тон (па 1,5 млн тон на кожны нафтаперапрацоўчы завод Беларусі).

Раней прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заяўляў, што скарачэнне паставак расейскай нафты прыводзіць да паглыблення падзення ВУП. Так, калі ў студзені-чэрвені ВУП Беларусі знізіўся на 2,5% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, то ў студзені-ліпені падзенне склала ўжо 2,7%, а ў студзені-жніўні — дасягнула 3%.