Рассельгаснагляд абліў зялёнкай і вярнуў у Беларусь 2 тоны ялавічыны



У Смаленскай вобласці прадстаўнікі Рассельгаснагляда аблілі зялёнкай і вярнулі ў Беларусь 1,8 тоны астуджанай ялавічыны.

Як паведамляецца на сайце ўпраўлення Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях, мяса ўвозілася ў Расею без прыкмет правядзення ветэрынарна-санітарнай экспертызы, а транспартаванне прадукцыі ажыццяўлялася ў непрыстасаваным аўтамабілі навалам, ва ўмовах, якія не адпавядаюць ветэрынарна-санітарным патрабаванням.

„Пры гэтым да кантролю расейскім інспектарам было пададзенае ветэрынарнае пасведчанне, выдадзенае дзяржаўнай ветэрынарнай службай Рэспублікі Беларусь на сыравіну, адгружаную з Гарэцкага райспажыўтаварыства Магілёўскай вобласці і прызначаную для патрэб віцебскага ТАА „Кірыя”, — гаворыцца ў паведамленні.

У дачыненні да ўладальніка грузу, грамадзяніна Беларусі, распачатая справа аб адміністрацыйным правапарушэнні, бо ветэрынарных дакументаў на ўвоз мяса ў Расейскую Федэрацыю ў яго не было.

«Ялавічына дэнатураваная шляхам аблівання брыльянтавым зялёным у аўтамашыне ўладальніка і пад кантролем афіцыйных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь вернутая на сумежную тэрыторыю”, — паведамляе расійскае ведамства.

З пачатку мая ўпраўленне Рассельгаснагляда па Бранскай і Смаленскай абласцях актывізавала практыку афарбоўвання зялёнкай кантрабанднага мяса з Беларусі. Такое рашэнне прынятае з-за ўзрослай колькасці спробаў завезці на тэрыторыю Расеі прадукцыю, якая не адпавядае патрабаванням нагляднага ведамства.

belapan.com