Рассельгаснагляд абнародаваў схему абходу санкцый беларускімі прадпрыемствамі



Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расеі (Рассельгаснагляд) абнародавала схему, якую выкарыстоўваюць беларускія вытворцы, што трапілі пад санкцыі, для паставак сваёй прадукцыі на расейскі рынак.

Рассельгаснагляд канстатуе, што ў апошні час пачасціліся спробы ўвозу ў Расею малочнай прадукцыі беларускімі прадпрыемствамі, якім быў абмежаваны доступ на расейскі рынак „па прычынах невыканання патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза”.

„Па дакументах такая прадукцыя з Беларусі ідзе ў Казахстан, а на самай справе рэалізуецца на тэрыторыі Расеі”, — заяўляе расійскі федэральны орган.

Як паведамляе ведамства, на адной з аўтадарог Смаленскай вобласці супрацоўнікамі міліцыі „быў прыпынены рух пяці транспартных сродкаў, якія перавозілі сметанковае масла агульнай вагой 100 тон. Грузы ішлі ў абход афіцыйнага пункта ўліку”.

Падчас адміністрацыйнага расследавання высветлілася, што вытворцам масла выступаў Слуцкі сыраробны камбінат, грузаадпраўшчыкам — „Мінаблмясамалпрам”, а атрымальнікам — казахстанская кампанія „Стэп майстар плюс”.

Расейскае ведамства перасцерагае ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці, а таксама транспартныя кампаніі ад выкарыстання схемы „фальшывага транзіту” па маршруце Беларусь — Казахстан.

Рассельгаснагляд нагадвае, што ўжо прыняты комплекс мер, які перашкаджае пастаўкам беларускай санкцыйнай прадукцыі ў Расію пад прыкрыццём такога роду схем.

„Звяртаем ўвагу бізнесу, што цяпер ва ўзаемадзеянні з прадстаўнікамі праваахоўных органаў мытнай і памежнай службамі распрацаваны і рэалізуецца комплекс узмоцненых мерапрыемстваў па выяўленні і спыненні незаконнага ўвозу харчовай прадукцыі”, — падкрэсліваецца ў заяве ведамства.

У сувязі з гэтым, каб пазбегнуць „істотных фінансавых страт, звязаных са зваротамі грузаў, „Рассельгаснагляд” вельмі не рэкамендуе пры пастаўках прадукцыі дапускаць парушэнні патрабаванняў дзейнага заканадаўства”.

Нагадаем, Рассельгаснагляд неаднаразова ўводзіў шэраг абмежаванняў на пастаўкі беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею. Уведзеныя санкцыі ведамства абгрунтавала тым, што якасць беларускай прадукцыі не адпавядае дзейным тэхнічным стандартам. У сваю чаргу ўлады Беларусі лічаць, што прэтэнзіі Рассельгаснагляду ў многіх выпадках з’яўляюцца надуманымі і мэта іх — выцясненне беларускай прадукцыі з расійскага рынку.  БелаПАН