Рассельгаснагляд ізноў папярэджвае



„Рассельгаснагляд з жалем адзначае, што працягваюцца выпадкі паставак у Расею з Беларусі жывёлагадоўчай прадукцыі з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў Еўразійскага эканамічнага саюзу і Расейскай Федэрацыі. Названыя выпадкі апошнім часам набылі сістэматычны характар, што выклікае сурʼёзную занепакоенасць Рассельгаснагляду”, – гаворыцца ў паведамленні.

Так, з 4 ліпеня Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі на расейскі рынак прадукцыі Валожынскага філіялу Маладэчанскага малочнага камбінату — у сухім малацэ і малочнай сыроватцы выяўленыя рэшткі лінкаміцыну.

Акрамя таго, у сувязі з сістэматычным выяўленнем парушэнняў ветэрынарна-санітарных патрабаваньняў Рассельгаснагляд увёў рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненьні да мясной і малочнай прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў.

Пад узмоцненую праверку трапілі філіял Пружанскага раённага спажывецкага таварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці», прадпрыемства «Марозпрадукт», Шклоўскі масларобны завод, ААТ «Александрыйскае».

Таксама Рассельгаснагляд выявіў выпадкі фальсіфікацыі малочнай прадукцыі яшчэ трох прадпрыемстваў — гэта «Мсціслаўмалако», «Тураўскі малочны камбінат» і «Здравушка Мілк».

Разам з тым служба паведамляе пра выяўленне неадпаведнасцяў у прадукцыі Лунінецкага малочнага заводу, «Малочнага полюсу» і «Бабушкиной крынки». І папярэдзіла пра магчымыя абмежаванні паставак у Расею прадукцыі названых прадпрыемстваў.

„У выпадку працягу выяўленняў прадукцыі, якая не адпавядае ветэрынарна-санітарным нормам і патрабаванням ЕАЭС і РФ, Рассельгаснагляд разгледзіць пытанне пра магчымае абмежаванне паставак у Расею прадукцыі згаданых прадпрыемстваў”, – адзначаецца ў паведамленні.

Фота belnovosti.by