Рассельгаснагляд: Расея не прапусціць з Беларусі ніякай сумнеўнай прадукцыі



Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) вымушаная прыняць дадатковыя ахоўныя меры па ўзмацненні каранціннага фітасанітарнага кантролю падкаранціннай прадукцыі, што паступае ў Расію цераз Беларусь. Інфармацыю пра гэта Рассельгаснагляд размясціў на сваім сайце.

Як растлумачылі ў прэс-службе расійскага ведамства, Расея не прапусціць з Беларусі ніякай сумнеўнай прадукцыі. «Усе, што выклікае ў нас сумненні, не будзе дапушчанае на тэрыторыю Расеі», — сказала прэс-сакратар Рассельгаснагляда Юлія Мелана.

Як гаворыцца ў паведамленні ведамства, «беларускі бок праінфармаваны пра тое, што падкаранцінная прадукцыя, якая суправаджаецца фітасанітарнымі сертыфікатамі, што выклікаюць сумненне ў сапраўднасці, а таксама па марфалагічных і сезонных прыкметах не адпавядае краіне паходжання, не падлягае ўвозу ў Расійскую Федэрацыю».

У расійскім ведамстве заяўляюць, што ў Расею з Беларусі па падробленых фітасанітарных сертыфікатах усё часцей паступае прадукцыя, якая трапляе пад харчовае эмбарга.

«Калі мы будзем браць нядобрасумленных пастаўшчыкоў з Еўразвязу, то яны бяруць сваю прадукцыю, да прыкладу яблыкі, штампуюць дзесьці падпольна на іх сертыфікаты і кажуць пра тое, што гэтыя яблыкі паступаюць з тэрыторыі Лацінскай Амерыкі. Прычым у іх там яшчэ не пачаўся сезон. Далей гэтая партыя накіроўваецца на тэрыторыю Беларусі, дзе правяраюцца дакументы. І замест таго каб прытармазіць гэты груз і задаць пытанне пастаўшчыку, яны проста прапускаюць яго на тэрыторыю Расіі. Вось такім чынам, у асноўным, працуе гэты механізм», — растлумачыла Мелана.

Для прадухілення такіх сітуацыяў расійскае ведамства неаднаразова прапаноўвала беларускаму боку садзейнічаць у аўтарызацыі фітасанітарных сертыфікатаў і рээкспартных фітасанітарных сертыфікатаў, якія «выклікаюць сумненні ў сапраўднасці», на прадукцыю, што паступае ў Расію цераз Беларусь, паведамляе сайт ведамства. Акрамя таго, Рассельгаснагляд прапаноўваў камандзіраваць расійскіх і беларускіх адмыслоўцаў у трэція краіны для пацвярджэння дакладнасці і актуальнасці звестак пар падкаранцінную прадукцыю, якая экспартуецца.

«Але адэкватнай рэакцыі з беларускага боку не паступае, таму зараз на нашых часовых пастах, якія працуюць на мяжы з Беларуссю, хутчэй за ўсё, будзем прымаць самыя жорсткія меры. Гэта значыць будзем паварочваць машыны з прадуктамі назад на тэрыторыю Беларусі», — патлумачыла прэс-сакратар Рассельгаснагляда.

Галоўная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслінаў Беларусі пакуль не атрымлівала афіцыйных паведамленняў Рассельгаснагляда наконт гэтага. «Афіцыйна пакуль нічога не было. Сёння міністр сельскай гаспадаркі і намеснік дырэктара нашай інспекцыі знаходзяцца з візітам у Расіі. Давайце пачакаем іх вяртання», — сказалі ў ведамстве.

БелаПАН

[manual_related_posts]