Рассельгаснагляд выявіў канал незаконных паставак у Расею курыных кумпячкоў



Рассельгаснагляд выявіў канал незаконных паставак у Расею курыных кумпячкоў з ЗША пад выглядам транзіту з Прыбалтыкі ў Казахстан праз беларускую мяжу. Пра гэта паведаміў журналістам кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт у кулуарах пасяджэння грамадскага савета ведамства.

„Цяпер паўстала сітуацыя, калі праз Прыбалтыку і нібыта транзіт у Казахстан нехта хоча вельмі сур`ёзную колькасць амерыканскай кураціны адправіць у Расію. Уязджаюць праз беларускую мяжу, так лягчэй. Добра, што ў нас у Смаленску ёсць магчымасць надгледзець. Для нас відавочна, што цяпер імкнуцца апрабаваць новы канал незаконнага ўвозу ў Расію”, — цытуе Данкверта ТАСС.

Пастаўкі мяса птушкі з ЗША ў Расею былі забароненыя ў 2014 годзе. Аднак дазволены транзіт гэтай прадукцыі па тэрыторыі Расеі ў трэція краіны, чым і карыстаюцца арганізатары нелегальных схем, растлумачыў кіраўнік Рассельгаснагляду.

Данкверт лічыць, што сітуацыю, якая склалася, неабходна абмяркоўваць на ўзроўні Еўразійскай эканамічнай камісіі. „Мы нашым калегам кажам: давайце збярэмся ў ЕЭК і будзем гэта абмяркоўваць усе разам”, — падсумаваў ён.

belapan.by