Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі кілбас з беларускага прадпрыемства



Рассельгаснагляд з 20 верасня часова забараняе пастаўкі ў Расею прадукцыі беларускай кампаніі „Старфуд”. У кілбасных вырабах з мяса птушкі, вырабленых гэтай кампаніяй, расейскія эксперты выявілі какцыдыястатыкі (манезін).

Какцыдыястатыкі — лекі, якія маюць шырокі спектр негатыўных уздзеянняў на здароўе чалавека. Калі людзі будуць рэгулярна ўжываць яйкі і мяса птушкі з утрыманнем какцыдыястатыкаў, ім можа пагражаць дызбактэрыёз, зніжэнне імунітэту, пастаянныя прастуды, алергічныя рэакцыі, парушэнне працы ўсіх сістэм арганізма. Дарэчы, тэрмічная апрацоўка не разбурае гэтыя рэчывы.

Таксама Рассельгаснагляд уводзіць рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю за прадукцыяй наступных беларускіх прадпрыемстваў:

— ЗАТ „Агракамбінат „Зара” (какцыдыястатыкі (рабенідзін) у мясе птушкі);

— ТАА „Вахавяк Плюс” (тэтрацыклін у ялавічыне);

— ЗТАА „Белавежскія далікатэсы” (перавышэнне колькасці мезафільных аэробных і факультатыўна анаэробных мікраарганізмаў у сардэльках з мяса птушкі);

— ААТ „Віцебская бройлерная птушкафабрыка” (какцыдыястатыкі (дэкаквінат) у мясе птушкі);

— ААТ „Птушкафабрыка „Дружба” (какцыдыястатыкі (дэкаквінат — тры выпадкі, мадураміцын — два выпадкі, манезін) у мясе птушкі).

Фота: „Старфуд”